Мінэнергетыкі: Прадпрыемствы масава не плацяць за электрычнасць і газ
Міністэрства энергетыкі сёлета сутыкнулася з масавымі неплацяжамі за спажытыя рэальным сектарам эканомікі электраэнергію і прыродны газ. Агульная запазычанасць за энерганосьбіты за студзень-лістапад склала амаль 5 трыльёнаў рублёў. Пра гэта паведаміў журналістам намеснік міністра энергетыкі Вадзім Закрэўскі 18 снежня ў Мінску.
Паводле яго словаў, да аплаты электрычнасці і газа неналежным чынам ставяцца рэгіёны. З-за недаатрымання грошай узнікаюць праблемы з аплатай за пастаўкі газа, і даводзіцца браць крэдыты для разлікаў з “Газпрамам”.
Найгоршая сітуацыя ў Мінскай вобласці — тут узровень аплаты складае толькі 42%. “Гэта ні да чаго добрага не давядзе, гэта ўсё назапашваецца, і бюджэт у гэтых плацяжах не павінен удзельнічаць”, — цытуе Закрэўскага БелаПАН.
Фота з архіву