Мінгарвыканкам плануе закрыць двары для паркоўкі транспарту

Мінгарвыканкам плануе закрыць двары для паркоўкі транспарту

Мінскія ўлады маюць планы па закрыцці двароў для паркоўкі аўтатранспарту. Пра гэта на прэс-канферэнцыі 4 лютага распавёў старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац.

Кіраўнік сталічнага выканкаму зазначыў, што ў Мінску няма праблемы з паркоўкамі, але праблема ў тым, што аўтамабілісты паркуюцца каля дамоў. Аднак пабудаваць паркоўкі каля кожнага пад'езда немагчыма.

Па словах чыноўніка, на сёння перахапляльныя паркоўкі і паркінгі стаяць амаль не запатрабаваныя. Пры гэтым, кажа Шорац, аплата за светлавы дзень на такой паркоўцы параўнальная з коштам праезду ў грамадскім транспарце. "Меркавалася, што чалавек прыязджае на паркоўку, ставіць аўтамабіль і едзе на працу на метро. Але ўсё адно, трэба заехаць адразу да працы, а лепш проста пад вокны", — наракае Шорац. Чыноўнік паведаміў, што ў горадзе шмат паркінгаў стаяць незапатрабаванымі, так што іх месцамі даводзіцца перарабляць пад офісы.

Ён распавёў, што плануецца рабіць платнымі ўсе паркоўкі ў цэнтры горада. Таксама распрацоўваецца магчымасць увесці адказнасць за неаплату паркоўкі.

"Паралельна будзем вырашаць, якім чынам закрыць двары для паркоўкі ў такой колькасці. Але гэта хутка не зробіш. Трэба вырашыць шмат прававых пытанняў. Але трэба яшчэ змяняць свядомасць, псіхалогію, а гэта хутка не атрымліваецца", — канстатаваў старшыня гарвыканкама.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі