Мінскага хулігана ўзялі пад варту за захоп закладніка
Сталі вядомыя падрабязнасці здарэння, якое адбылося 23 кастрычніка ў краме каля ўнівермага "Беларусь" на Партызанскім праспекце ў Мінску.
У чацвер паведамлялася, што нейкі мужчына пагражаў дзвюм жанчынам так званай "ружачкай" — рыльцам разбітай бутэлькі.
Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на мінскую пракуратуру, насамрэч адбыўся захоп закладніка. Пракуратура дала санкцыю на тое, каб узяць пад варту 25-гадовага мужчыну, раней судзімага за вымагальніцтва і заведама ілжывае паведамленне аб падрыхтоўцы выбуху. На яго пачалі крымінальную справу за захоп закладніка. Заканадаўства прадугледжвае за гэта пазбаўленне волі ад 5 да 10 гадоў.
У пракуратуры кажуць, што ў краме мужчына прыставіў да горла прадавачкі "ружачку", сам выклікаў міліцыю і запатрабаваў адпусціць яго брата з СІЗА №1. Іначай ён пагражаў забіць жанчыну.
На месца здарэння выязджаў начальнік мінскай міліцыі Аляксандр Барсукоў, які вёў з захопнікам закладніцы перамовы. У пэўны момант мужчыну ўдалося абясшкодзіць без прымянення зброі. Жанчына сур'ёзных пашкоджанняў не атрымала.
Фота — Вікіпедыя