Мітрапаліт Павел: Пра самакіраванне БПЦ загаварылі з-за... мікрафона

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, кіраўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы, патлумачыў, чаму з парадку дня было знятае пытанне самакіравання для БПЦ. Нагадаем, 16 снежня 2014-га агульны сход епархій Мінскай мітраполіі заявіў пра жаданне Беларускай Праваслаўнай Царквы атрымаць самакіраванне. Падобных просьбаў БПЦ Масква не атрымлівала на працягу ўсяго часу існавання незалежнай Рэспублікі Беларусь. Самакіраванне дае магчымасць самастойна выбіраць кіраўніка Царквы і вырашаць большасць пытанняў без дазволу Сіноду ў Маскве.

Аднак у праграме "Контуры" на тэлеканале АНТ 18 студзеня мітрапаліт Павел раптоўна заявіў, што "гэтае пытанне трэба на няпэўны час закрыць. Мы да яго 25-50 гадоў вяртацца не будзем".

20 студзеня мітрапаліт Павел выступіў з тлумачэннем сітуацыі. Паводле яго слоў, на сходзе епархій нейкі чалавек падчас рабочай нарады ўключыў мікрафон. У выніку, усе прысутныя пачулі абмеркаванне пытання самакіравання, якое да канца не было прапрацаванае. "Безумоўна, гэта і дысцыплінарнае, і кананічнае парушэнне", — цытуе словы мітрапаліта БЕЛТА.

Пасля гэтага на сходзе "ўсё пайшло не так", кажа мітрапаліт Павел. Падобныя рашэнні павінны афармляцца на ўзроўні Сінода БПЦ, і толькі пасля выносіцца на ўзровень патрыярха.

"Усе рашэнні, якія прымае царква, павінны быць у духу адзінадумства. Працягваць працу ў такой сітуацыі бессэнсоўна", — сказаў кіраўнік БПЦ. Ён растлумачыў, што менавіта таму выкарыстаў сваё права вета і зняў пытанне з парадку дня.

Мітрапаліт Павел падкрэсліў, што "царкоўныя пытанні ніколі не вырашаліся на барыкадах, на рынках".

Нагадаем, мітрапаліт Разанскі Павел быў прызначаны кіраўніком БПЦ Сінодам Рускай Праваслаўнай Царквы ў канцы 2013 года. Яго папярэднік мітрапаліт Філарэт пайшоў на пенсію.  

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі