“Мы не можам згубіць 8000 чалавек”: у Беларусі з'явіцца банк даных валанцёраў
Раман Пратасевіч, Еўрарадыё
Аляксандр Лукашэнка па выніках II Еўрапейскіх гульняў даручыў стварыць у Беларусі банк даных валанцёраў. Пра гэта ён сказаў 30 чэрвеня, выступаючы на цырымоніі закрыцця Еўрагульняў.
"Я даручыў Адміністрацыі прэзідэнта стварыць банк даных валанцёраў, — сказаў Лукашэнка. — Мы не можам згубіць 8 тысяч чалавек". Ён дадаў, што валанцёры Еўрапейскіх гульняў атрымалі унікальны досвед удзелу ў маштабным спартовым мерапрыемстве, таксама яны валодаюць замежнымі мовамі.
II Еўрапейскія гульні прайшлі ў Мінску з 21 па 30 чэрвеня. Беларускія спартоўцы занялі другое месца ў агульным медальным заліку, на першым размясціліся расіяне. Прэзідэнт Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў Янез Качыянчыч адзначыў, што вельмі рады, што алімпійская зборная Расіі была адноўленая ў правах для ўдзелу ў Еўрагульнях. Допінг з'яўляецца галоўным злом у сучасным спорце, заявіў кіраўнік ЕАК, аднак правіны асобных спартсменаў не павінныя быць прычынай санкцый у дачыненні да цэлай краіны.