З гаўна, палак і працы студэнтаў: як рабілі дапоўненую рэальнасць на Еўрагульнях
euroradio.fm
Памятаеце, на адкрыцці II Еўрапейскіх гульняў у цэнтры стадыёна "Дынама" раптам з'явілася велізарнае гняздо, вакол якога кружыліся буслы? Аказалася, гэтую частку шоу літаральна "з гаўна і палак" рабілі студэнты з Санкт-Пецярбурга, гэта быў іх першы буйны праект. Пра тое, як гэта было, у падкасце "MIXR Talks", расказаў супрацоўнік Нацыянальнага цэнтра кагнітыўных распрацовак піцерскага ўніверсітэта ІТМО Андрэй Карсакоў.
"Ну я ў галаве пакруціў — нібыта можам"
Тэндар на адкрыццё і закрыццё II Еўрапейскіх гульняў выйграла расійская кампанія "АРТ Сіці-5". Пастаноўкай шоу з расійскага боку займаўся рэжысёр Аляксей Сечанаў.
"Каманда Sechenov.com забяспечыла поўнае сцэнарнае, тэхнічнае і музычнае суправаджэнне Цырымоніі адкрыцця, а таксама вытворчасць графічнага і відэакантэнту, — сказана на сайце Sechenov.com. — Спецыяльна да цырымоніі была распрацавана праграма дапоўненай рэальнасці Opening Ceremony AR Experience, якая дазволіла максімальна ўцягнуць гледачоў у дзеянне".
Як жа атрымалася, што распрацоўку дапоўненай рэальнасці для II Еўрапейскіх гульняў аддалі ў рукі студэнтаў ІТМО? Андрэй Карсакоў расказвае, што з супрацоўнікамі Sechenov.com ён пазнаёміўся выпадкова: на Science Fest у Санкт-Пецярбургу. Было гэта так:
"Хлопцы шоўкейсілі [паказвалі. — Еўрарадыё] наш VR-праект. Нашы студэнты рабілі курсавік, выстаўляліся ў зоне нашага ўніверсітэта. У нейкі момант падышлі хлопцы — як высветлілася потым, тэхнічны дырэктар Sechenov.com і, па-мойму, выканаўчы прадзюсар. Падышлі, паглядзелі на ўсю гэту справу. І кажуць: "Вы ў віртуальную рэальнасць умееце? У дапоўненую рэальнасць умееце?" Так, што там асабліва? Нічога асабліва складанага няма. Яны кажуць: "Нам незвычайнае трэба, нам для тэліка". Ну я ў галаве пакруціў — нібыта можам".
Science Fest 2018 прайшоў 22–23 верасня. Цікава, што тэндар на арганізацыю і правядзенне цырымоній адкрыцця і закрыцця II Еўрапейскіх гульняў да таго часу яшчэ не быў завершаны. Што не перашкаджала выканаўчаму прадзюсару "АРТ Сіці-5" Яўгену Цімашчуку (дарэчы, у кампаніі Sechenov.com ён таксама фігуруе як выканаўчы прадзюсар) прыглядацца да патэнцыйных выканаўцаў. У выніку кантракт сапраўды дастаўся "АРТ Сіці-5", яго сума склала 25,1 млн беларускіх рублёў.
Вілка абмежаванняў
Перад камандай Андрэя Карсакова стаялі дзве няпростыя задачы. Па-першае, забяспечыць спецэфектамі жывы эфір з цырымоніі адкрыцця. Складанасць у тым, што распрацоўшчыкі хоць і ведаюць загадзя размяшчэнне камер — не ўяўляюць сабе, як яны будуць рухацца падчас шоу і якія планы будзе браць аператар.
"Гэта часцяком вельмі дорага [такі від паслуг. — Еўрарадыё]. Па цане як мост чыгунны або крыло "Боінга". Для тых, хто можа гэта сабе рэальна дазволіць, — кажа Карсакоў. — Але ў нас была задача паспрабаваць гэта зрабіць... назавём гэта досыць бюджэтнымі сродкамі".
"З гаўна, палак і опэнсорса?" — удакладняе вядучы падкаста.
"З гаўна, палак і працы студэнтаў", — смяецца ў адказ Карсакоў. Прапанаваныя яго камандзе ўмовы ён называе "вілкай абмежаванняў па тэхнічных магчымасцях":
"Усё гэта працуе на спецыфічным "жалезе". Гэта, напрыклад, NVIDIA Quadro [лінейка відэакартаў для стварэння візуальнага кантэнту. — Еўрарадыё], якая каштуе як першапачатковы ўзнос у іпатэку. Розныя карткі відэазахопу, якія каштуюць ад 250 да 300 тысяч расійскіх рублёў за штуку [$4000 — 4800. — Еўрарадыё], якіх можа спатрэбіцца і парачка. І шмат усяго яшчэ: цэннік пачынае ўзрастаць за працоўнае месца проста касмічны. Але ў нас было абмежаванне "зверху": "Вось у вас, хлопцы, ёсць карткі Black Magic, якія каштуюць 50 тысяч [расійскіх рублёў, гэта значыць $800. — Еўрарадыё], яны, у прынцыпе, такую функцыю выконваюць. Вось на іх гэта трэба ўсё "завесці", — расказвае Карсакоў.
Shazam для стадыёна
Па-другое, трэба было інтэграваць дапоўненую рэальнасць у шоу на стадыёне, не перагрузіўшы пры гэтым сотавыя сеткі. Для гэтага была распрацавана аўтаномная праграма.
"Калі ў цябе стадыён на 20 тысяч чалавек, узнікаюць цяжкасці. Нас адразу папярэдзілі: "Хлопцы, на мабільную сувязь, гэта значыць на знешні інтэрнэт, не разлічвайце. Шукайце варыянты, як вы будзеце сінхранізавацца афлайн". Былі дурныя ідэі раскідаць wi-fi-пункты па ўсім стадыёне, каб людзі падключаліся па лакальнай сетцы. Але потым [мы] зразумелі: каб разгарнуць такую інфраструктуру, спатрэбяцца вялікія траты".
Зрабіць праграму цалкам аўтаномнай дапамаглі распрацоўшчыкі з Іжэўска. Сінхранізацыя з дзеяннем на сцэне адбывалася па мікрафоне смартфона. Трэкі цырымоній былі "прапісаныя" ў мабільнай праграме: праграма распазнавала музыку і ўключала на экран патрэбны эпізод з эфектамі дапоўненай рэальнасці.
"На мыліцах", але усё запрацавала, прызнаецца Карсакоў. Вынікі працы ў Мінску ён ацэньвае як добрыя: "Прайшло не ідэальна. Магчыма, не так, як нам бы хацелася. Мы зразумелі, дзе былі нашы "касякі" і "факапы".
Цырымоніі адкрыцця і закрыцця II Еўрапейскіх гульняў сталі палігонам для падобнага мерапрыемства ў Казані. У жніўні 2019 года там прайшоў чэмпіянат WorldSkills. Падчас цырымоніі адкрыцця каманда Карсакова таксама выкарыстоўвала тэхналогію дапоўненай рэальнасці. Атрымалася "практычна ідэальна": "Рабілі па тых жа самых рэйках, але ўжо на поўную моц".
II Еўрапейскія гульні праходзілі ў Мінску з 21 да 30 чэрвеня. Яны абышліся ў 540 мільёнаў рублёў ($265 млн) — такую суму пасля мерапрыемства агучыў міністр фінансаў Максім Ермаловіч. 266 мільёнаў былі запазычаныя з бюджэту Беларусі, астатняе — спонсарская дапамога, крэдыты Банка развіцця і сродкі ад продажу білетаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.