На акцыях Шклоўскага маслазавода жонка Лукашэнкі зарабіла каля 130 тысяч

А на акцыях беларускага “фамільнага срэбра” нельга зарабіць нават на праезд у гарадскім аўтобусе
Пакуль беларусы атрымоўваюць за акцыі свае “капейкі”, нечакана выйшла так, што дзяржава зарабіла за год на дывідэндах амаль 70 мільёнаў долараў
Летась на Шклоўскім масласырзаводзе дывідэндаў па акцыях не выплочвалі наогул. З-за нізкіх прыбыткаў. Але, па словах галоўнага бухгалтара Шклоўскага маслазавода Алены Паланковай, ужо ў гэтым годзе за кожную акцыю будзе налічана больш за дзве тысячы рублёў:

“Прыбытак вы атрымаеце ў залежнасці ад таго, колькі ў вас акцыяў. Напрыклад, калі 50, то значыць, атрымоўваецца 100 тысяч…”

У жонкі главы дзяржавы Галіны Лукашэнка было 56 акцый масласырзавода. Яна часова перадала акцыі дзяржаве, як кожны законапаслухмяны чыноўнік. А самы заможны ўладальнік акцыяў гэтага шклоўскага прадпрыемства (238) атрымаў столькі дывідэндаў, што хопіць на тэлевізар “Віцязь”.

Цікава, што акцыянеры Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода могуць толькі зайздросціць акцыянерам Шклоўскага маслазавода. Прадпрыемства са спісу “фамільнага срэбра” плаціць 1 рубель за адну акцыю. Шкада, што ў нашай краіне няма капеек. На прадпрыемстве кажуць: так вырашылі самі акцыянеры на агульным сходзе.

За мінулы год, па словах дырэктара Фонду дзяржмаёмасці Наталлі Жарнасек, дывідэнды выплацілі толькі 310 з 637 таварыстваў.

“Па выніках працы ёсць рэнтабельнасць. І вось зыходзячы з гэтых паказчыкаў і вызначаецца працэнт чыстага прыбытку, які накіроўваецца на выплату дывідэндаў”, - тлумачыць Еўрарадыё спецыяліст “Брэсцкага піва”.

Акцыянеры “Брэсцкага піва” за адну акцыю атрымліваюць усяго 77 рублёў. На 100 акцыяў завода зарабляюць за год амаль 6 бутэлек піва. Напой, праўда, набываць давядзецца самому, бо выплочваюць дывідэнды выключна грашыма:

“Мы грошы пералічваем дакладна як належыць. Прадукцыяй у прынцыпе не практыкавалі. Спадзяемся, што і не давядзецца”.

Самы буйны забудоўшчык масавага жылля ў Беларусі “МАПІД” выплочвае 200 рублёў на адну акцыю:

“Кожны год выплочваем дывідэнды. У сярэднім – гэта 200 рублёў на адну акцыю”.

Каб пабудаваць сабе кватэру на дывідэнды, не хопіць і цэлага жыцця.

На Брэсцкім мясакамбінаце дывідэнды нават большыя – 878 рублёў за акцыю. Як даведалася Еўрарадыё, у сярэднім супрацоўнікі мясакамбіната трымаюць па 60 акцыяў. За год можна зарабіць 50 тысяч рублёў і набыць каля 5 кілаграмаў сасісак.

Як бачым, на акцыях беларускіх прадпрыемстваў асабліва не нажывешся. Але вядомы драматург і пісьменнік Аляксей Дудараў кажа, што дывідэнды высокімі быць і не павінны. У самога Дударава былі акцыі “Прыорбанка”:

“Меў я акцыі ў “Прыорбанку”. Дывідэнды атрымліваў. Яны не былі высокімі, часткова яны выплочваліся акцыямі… Такім чынам – маеш адну акцыю, год праходзіць, потым на гэту акцыю атрымліваеш дзве… Грашыма яны таксама пералічвалі. Але высокімі яны не былі. Я не лічу, што дывідэнды па акцыях павінны быць высокімі”.

На думку Дударава, значна больш павінны каштаваць самі акцыі. Менавіта так у свой час і распарадзіўся сваімі акцыямі драматург – прадаў іх. І купіў сыну… кватэру:

“Калі трэба было сыну купляць кватэру, я прадаў акцыі… Ну канешне, не за іх купіў кватэру, але ў нейкай ступені і за іх таксама”.

Добра, што Дудараў паспеў распарадзіцца сваімі акцыямі. Бо цяпер прадаваць акцыі нельга, расказвае Еўрарадыё спецыяліст акцыянернага таварыства “Брэсцкае піва”:

“У сувязі з тым, што сёння на акцыю накладзены мараторый, нельга адчужаць акцыі тых таварыстваў, якія былі створаныя ў працэсе раздзяржаўлівання. Таму як бы рэальнай рынкавай цаны іх сёння няма. У перыяд акцыянавання яны прадаваліся, іх маглі купіць.

Цяпер існуе дакладна акрэслены шэраг выпадкаў, калі іх можна адчужаць – у выпадку выезду на пастаяннае месца жыхарства. Можна бязвыплатна па дамове дарэння блізкім родным… Але ўвогуле на рынку іх няма…”

У эканаміста Леаніда Злотнікава акцыяў няма, бо няма сэнсу: “Тое, што прадаецца цяпер, што можа набыць насельніцтва ў кожнай ашчаднай касе, тое не дае прыбытку – няма сэнсу гэтым займацца”.

А пакуль беларусы чакаюць ад сваіх акцый сэнсу, дзяржава зарабляе на дывідэндах неблагія грошы.

“Дзесьці 150 мільярдаў летась мы сабралі дывідэндаў на дзярждолю ў акцыянерных таварыствах”, – кажа Еўрарадыё начальнік упраўлення ўладальніцкага нагляду Дзяржкамітэта па маёмасці Уладзімір Кухараў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі