На "несанкцыянаванае" чытанне вершаў Багдановіча прыйшла міліцыя (фота)
У панядзелак перад будынкам музея паэта ў Мінску прайшлі чытанні яго твораў.
Акцыя праводзілася ў падтрымку музея, статус якога плануецца панізіць да філіі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. У сённяшніх чытаннях узялі ўдзел пісьменнікі Уладзімір Арлоў, перакладчык Лявон Баршчэўскі, мастак Алесь Марачкін, а таксама журналісты — агулам каля 40 чалавек.
Як паведамляе БелаПАН, за мерапрыемствам назіралі двое міліцыянтаў у цывільным. Адзін з іх здымаў чытанні на відэакамеру, іншы тлумачыў прысутным, што акцыя несанкцыянаваная і яе ўдзельнікі парушаюць закон. Як інфармуе Радыё Свабода, затрыманняў не было.
Мяркуецца, што падобныя чытанні будуць праводзіцца штодня.
Фота — Радыё Свабода, bymedia.net, nn.by