На Freaky Summer Party мінчукі сталі сёрферамі, а іх дзеці — індзейцамі

І без таго спякотная субота 25 ліпеня ў Мінску ўскіпае, калі на востраве ў Камсамольскім возеры пачынаецца традыцыйны арт-пікнік Freaky Summer Party. Грандыёзны безалкагольны івент збірае некалькі тысяч мінчукоў з дзецьмі, бабулямі і сабачкамі, і спакушае іх на ўсемагчымыя забавы, танцы, музыку, разумныя інтэрв’ю і просты адпачынак у гамаках, на траве ці на цюках. Ну калі яшчэ можна на іх пасядзець?

Штогод арганізатары разнастайваюць свята. Калі на першым паці пад Ракавам дзяўчаты маглі прымераць на сябе белую сукенку нявесты, то сёння цырульнікі робяць ім фантастычныя прычоскі, якія можна густа пасыпаць фарбамі ці зрабіць пад іх неварагоднай прыгажосці вянок з жывых кветак. Ці калі ў мінулым годзе адной з фішак пікніка становіцца трэнінг па дарожным руху для раварыстаў Velocity, то гэтым разам можна ўявіць сябе сёрфінгістам і не раз упасці ў ваду на коўзкай дошцы ў адмысловым басейне.

Засумаваць на FSP проста немагчыма: хочаш — еш веганскую ежу ці пі ліманад з гурка і бузіны, хочаш — танчы пад драмэндбэйс, займайся ёгай, назірай за шоў капаэйрыстаў і перфомансам Skvo"s Dance Company, набывай эксклюзіўную вопратку, прыклей налепку на плячо, грай у бадмінтон і фрысбі, слухай Mustelide, новы праект Пафнуція Кузюкяна і Hutateli ці задавай пытанні новай зорцы Кірылу Чыкеюку.

Дзіцячая пляцоўка таксама ўражвае багаццем: тут і індзейская вёска, і ганчарнае кола, і мальберты для малявання, і свет лега.

А музыка на Freaky Summer Party толькі падкрэслівае яго натуральную і разняволеную атмасферу.

Mustelide

Каб патрапіць на FSP, трэба ў сам дзень пікніка раскашэліцца і заплаціць 300 тысяч. Але гэта таго каштуе, перакананыя наведвальнікі.

“Набыць квіток — гэта для мяне такі жэст падтрымкі арганізатараў, таму што мне вельмі падабаецца тое, што яны робяць, і я бачу, колькі высілкаў да гэтага прыкладзена, і што рэальна рыхтавацца трэба цэлы год, — разважае наведвальніца Віка.Аднак я ў гэтым плане прывілегіяваны чалавек, і магу падтрымаць арганізатараў у гэтым плане. Але многія мае сябры не могуць сабе гэтага дазвоіць. З іншага боку, калі б квіток каштаваў 100 тысяч, публіка б разнастаілася, і ўсё не было так прыстойна і культурна. Відаць, усё ж нейкую фінансавую планку ставіць трэба, таму што калі зусім бясплата, то магло быць жахліва”.

У сацсетках называюць Freaky Summer Party заапаркам: маўляў, "замест таго, каб так было заўсёды і ўсюды ў горадзе, "на волі", нам вылучаюць 1-2 дня ўлетку і кавалачак зямлі, і тое, на востраве, а такія, як мы, і рады старацца”. Іншыя мяркуюць , што пікнік — гэта Мінск будучыні. Аптымістычнае Еўрарадыё далучаецца да апошняй думкі!

Новы праект Пафнуція Кузюкяна

Пэрфоманс ад Вольгі Скварцовай і кампаніі

Cherryvata

Hutateli

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі