На Гродзеншчыне выявілі зуброў-шкоднікаў
У Гродзенскай вобласці на зуброў сталі скардзіцца вяскоўцы. Жывёлы "пад нуль" з'ядаюць палі з азімымі, распавядае тэлеканал АНТ.
З праблемай такога маштабу ў рэгіёне сутыкнуліся ўпершыню. У гаспадарках "Гожа" і "Прагрэс-Верцялішкі" зубры знішчылі азімы рапс і патапталі палі. Ад жывёлаў пацярпелі амаль 30 гектараў пасеваў. Шкода ацэньваецца на суму больш за 25 тысяч рублёў. Яшчэ столькі ж давядзецца выдаткаваць, каб усё перасеяць.
Сяльчане вінавацяць зуброў з гаспадаркі "Азёры", размешчанай непадалёк. За 20 гадоў іх статак вырас да 300 асобін, і цяпер жывёлам цесна: яны шукаюць новыя землі, каб пракарміцца.
Пакуль што супрацьстаяць набегам зуброў вырашана платамі ўздоўж лесу. Ёсць таксама ідэя высаджваць азімыя спецыяльна для зуброў на лясных палянах. Але гэта часовыя меры. У гаспадарках лічаць, што да наступнай вясны зуброў трэба будзе або рассяляць, або выдаваць ліцэнзіі на паляванне.