На Стаўбцоўшчыне хворых свіней звалілі ў неглыбокі могільнік каля вёскі
Пра гэта жыхары вёскі Несцяровічы распавялі журналістам.
Вяскоўцы паведамілі "Комсомольской правде в Беларуси", што да іх ужо тры дні звозяць усіх свінняў з акругі і закопваюць у блізкім кар'еры. Вёска невялікая — пад 15 хат. Кар'ер знаходзіцца за 1,5 км ад вёскі, даехаць да яго можна без перашкод.
Жыхары Несцяровічаў кажуць, што мёртвых свіней звалілі ў кар'ер і проста засыпалі пяском. Па сведчаннях журналістаў, над могільнікам вельмі шмат мух. З-пад зямлі прабіваецца пах хлоркі і гнілізны. Месцамі з-пад ног журналістаў пачынаў біць сапраўдны смуродны фантан.
У мясцовым калгасе не могуць сказаць, чаму жывёлы не былі спаленыя, як гэтага патрабуюць санітарныя нормы. А мясцовыя жыхары турбуюцца, што тут будзе праз некалькі месяцаў, бо грунтовыя воды залягаюць зусім неглыбока.
Нагадаем, што паводле афіцыйных звестак у Беларусі ў сувязі з афрыканскай чумой свінняў знішчана больш за 1600 жывёлаў, у тым ліку з прыватных падворкаў.