“Нафтан” захаваў месца ў вышэйшай лізе беларускага футбола
"Нафтан" сыграе ў Вышэйшай лізе ў 2025 годзе
У другім стыкавым матчы ў Наваполацку “Нафтан” абыграў “Ніву” з Першай лігі з лікам 2:0 і захаваў права выступаць у Вышэйшай лізе ў сезоне 2025 года. Нагадаем, што першы матч у Брэсце таксама скончыўся перамогай “Нафтана” з лікам 3:1.
Галоўны трэнер “Нафтана” Ігар Крыушэнка пачынаў чэмпіянат 2024 года ў БАТЭ, але пасля серыі няўдач быў звольнены і ўзначаліў клуб з Наваполацка, здолеўшы выратаваць яго ад паніжэння ў класе.
Мінулы сезон у Вышэйшай лізе “Нафтан” скончыў на 14-м месцы, а “Ніва” з Доўбізны (Камянецкі раён Брэсцкай вобласці) заняла трэцяе месца ў Першай лізе.
Як скончыўся чэмпіянат у Вышэйшай лізе
Чэмпіёнам Беларусі зноў стала мінскае “Дынама”, якое ў апошнім матчы тура згуляла з брэсцкімі аднаклубнікамі з лікам 1:1.
Сярэбраныя медалі дасталіся гродзенскаму “Нёману”, а бронза — жодзінскаму “Тарпеда-БелАЗ”.
Лепшым бамбардзірам чэмпіянату стаў гулец “Гомеля”, габонец Джуніёр Эффаге, які забіў 17 галоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.