Навальны назваў Стралкова палітычным зняволеным
Ігар Стралкоў (Гіркін) у судзе / kommersant.ru
Аляксей Навальны назваў Ігара Стралкова (сапраўднае прозвішча — Гіркін) палітычным зняволеным. Расійскі апазіцыянер, які знаходзіцца за кратамі, лічыць, што палкоўніка ФСБ у адстаўцы затрымалі незаконна.
"Пакуль ён застаецца пад вартай па гэтым недарэчным і відавочна палітычна матываваным абвінавачванні, ён з'яўляецца палітычным зняволеным", — заявіў Навальны. Ён перакананы, што справа аб "экстрэмізме" сфабрыкаваная, а Стралкова насамрэч кінулі за краты за крытыку ўлады і асабіста Уладзіміра Пуціна і Сяргея Шайгу. Адначасова Аляксей Навальны падкрэслівае, што Ігар Стралкоў "лаяў людаедаў за іх недастатковы апетыт" і "даваў парады, як... больш правільна весці незаконную, агрэсіўную і дурную вайну".
Навальны лічыць, што насамрэч уладам Расіі трэба расследаваць дзейнасць Стралкова ва Украіне, паколькі суд у Гаазе асудзіў яго завочна на пажыццёвае зняволенне па справе аб крушэнні малазійскага Boeing MH-17 у небе над Данбасам у 2014-м (тады загінулі амаль 300 чалавек).
Ігар Стралкоў — камандзір групы расійскіх дыверсантаў у Крыме і на Данбасе ў 2014-м. У апошнія гады ён стаў вядомы як блогер, крытыкаваў за нерашучасць і няўдачы ва Украіне Уладзіміра Пуціна і яго атачэнне, жорстка выказаўся пра вагнераўцаў за іх спробу мецяжу. Стралкова затрымалі ў Маскве 21 ліпеня і адправілі ў СІЗА да 18 верасня.
Аляксей Навальны за кратамі ў Расіі з пачатку 2021-га, адбывае 9-гадовы тэрмін у калоніі строгага рэжыму ва Уладзіміраўскай вобласці. Ён і Стралкоў — палітычныя праціўнікі, у 2017-м у іх нават былі дэбаты.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.