Навальнага 100 дзён прымушаюць слухаць адзін і той жа выступ Пуціна
Аляксей Навальны за кратамі / Reuters
Аляксея Навальнага 100 дзён прымушаюць слухаць адзін і той жа выступ Уладзіміра Пуціна. Гэта штогадовае пасланне расійскага прэзідэнта Федэральнаму сходу РФ ад 21 лютага 2023 года. Яго ўключаюць кожны вечар.
"Кажу нашаму зампаліту: ну вы нармальныя наогул? Стаўце рознага Пуціна, хіба мала прамоваў ён казаў? — піша Навальны. — Адказ патрос сваёй логікай: гэта штогадовае пасланне ад 23-га года. Значыць, яго трэба слухаць увесь 23-ы год. Выйдзе наступны зварот — будзем слухаць яго".
Аляксей Навальны паспрабаваў вырашыць праблему праз суд: "Пытаюся ў судзе: вы на якой падставе ставіце ў мой асабісты час Пуціна, а не радыё? Гэта незаконна".
У адказе на скаргу прадстаўнік калоніі спаслаўся на "інструкцыю па выхаваўчай працы":
— Гэта значыць словы Пуціна — выхаванне? — пытаецца Навальны.
— Не.
— Тады на якой падставе ўключаеце?
— Інструкцыя па выхаваўчай працы.
— Гэта значыць усё ж такі Пуцін — гэта выхаванне?
Суддзя ж у дзеяннях адміністрацыі калоніі парушэння закону не пабачыў.
Палітыку Навальнаму 47 гадоў. У студзені 2021-га ён вярнуўся з Германіі ў Расію пасля лячэння ад атручвання летам 2020 года ў РФ. Яго адразу ж затрымалі. Аляксей Навальны адбывае 9-гадовы тэрмін у калоніі строгага рэжыму ва Уладзіміраўскай вобласці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.