Працягваецца праверка, якую інфармацыю перадала Харысава — Вячорка
Франак Вячорка / Еўрарадыё
Праверка ў справе паліталагіні Аліны Харысавай працягваецца. Высвятляецца, якую інфармацыю яна перадала ці не перадала супрацоўнікам КДБ, якія прыкрываліся імем СБУ. Пра гэта ў эфіры тэлеканала "Белсат" паведаміў галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.
Ён мяркуе, што нічога важнага перададзена не было.
"Пакуль што няма такога адчування, што нешта драматычнае было перададзена. Хутчэй за ўсё, гэта толькі перапіска, якую ўжо паказалі па тэлебачанні і асабістыя там нейкія ацэнкі", — пракаментаваў Вячорка.
На мінулым тыдні стала вядома, што з Харысавай пад выглядам Службы бяспекі Украіны звязаліся супрацоўнікі КДБ Беларусі. Сюжэт пра гэта выйшаў на беларускім тэлебачанні. Сама паліталагіня кажа, што з ёй скантактаваліся ўвосень 2025-га. Калі яна западозрыла нешта няладнае, дык сама абарвала кантакт. Харысава запэўнівала, што не перадала ніякай адчувальнай інфармацыі.
Некалькі "доказаў" яе агентурнай дзейнасці — скрыншоты і аўдыяпаведамленні – былі падробленыя. "Рэжыму трэба было дабавіць колераў і смаку ва ўсю гэтую гісторыю", — сказаў Вячорка.
Ён звяртае ўвагу, што спецслужбы шукаюць слабыя месцы ў людзей, калі яны знаходзяцца ў цяжкім псіхалагічным стане: "Апошні год гэта адбылося масава. І мы праводзілі інструктаж сярод усіх нашых калег: і тых, хто працуе ў штаце, ці тых, хто пазаштатна валанцёрамі, як Аліна, — каб яны ні ў якім разе не адказвалі на паведамленні. Але, ну бачыце, што чалавечы фактар усё роўна дае збой".
Вячорка заклікаў дбаць пра бяспеку і інфармацыйную гігіену. Ён нагадаў, што спецслужбы дзейнічаюць супраць палітуцекачоў, хаця тыя і не адчуваюць дзейнасць рэпрэсіўнага апарату за мяжой. Ён дадаў, што адна з мэтаў такіх аперацыяў — стварыць разлад: "Іхная задача – пасеяць недавер, каб мы не давяралі адно аднаму, і ўсе ўсіх падазравалі".