Навукоўцы расказалі, як жылі беларусы ў 2013 годзе і як будуць жыць далей
29 студзеня аналітычны цэнтр “Беларуская Аналітычная Майстэрня” прадставіў вынікі эканамічных і сацыялагічных даследаванняў у Беларусі за 2013 год.
Мерапрыемства прайшло ў Варшаве. У ім прынялі ўдзел дырэктар цэнтру і доктар сацыялагічных навук Андрэй Вардамацкі, эканаміст Леанід Злотнікаў, палітолагі Павел Усаў і Андрэй Фёдараў.
Згодна з вынікамі сацыялагічных апытанняў, у 2013 годзе ў насельніцтва Беларусі адзначаўся спад надзеі на 10%, у параўнанні з 2012 годам. У той жа час беларусы заставаліся летась у такой жа ступені шчаслівымі, як і ў 2012 годзе. Такімі сябе назвалі 52% беларусаў.
Як адзначыў Вардамацкі, гатоўнасць выходзіць на пратэсты ў мінулым годзе заяўлялі да 8% беларусаў.
Вардамацкі: "Да 8% апытаных казалі, што яны гатовыя выйсці на вуліцы, калі адбудуцца дэманстрацыі пратэсту. Гэта вельмі цяжкае метадалагічнае пытанне, і колькасць людзей, якія вербальна заявілі гатоўнасць выйсці, не азначае такі ж ўзровень рэальных паводзінаў".
Даследчыкі закранулі і тэму рэвалюцыйных падзеяў ва Украіне. Як адзначыў Павел Усаў, найбольш на Беларусь паўплывае не тое, што адбываецца ў суседняй краіне зараз, а што будзе, калі рэвалюцыя пераможа.
Усаў: "Большы ўплыў акажа на постсавецкія краіны, асабліва на Беларусь, менавіта вынік рэвалюцыі, а не сам працэс. Пад вынікам я маю на ўвазе правядзенне паспяховых эканамічных і сацыяльных рэформаў, калі да ўлады прыйдуць апазіцыянеры”.
У той жа час палітолаг лічыць, што падзеі ва Украіне паўплываюць на палітычны рэжым у Беларусі і ў бліжэйшай перспектыве. Ён стане больш жорсткім у плане ўздзеяння на сваіх апанентаў, калі яны надумаюць ў 2015 годзе паўтарыць Плошчу 2010 года.