Найбольшая колькасць бязвізавых турыстаў у Беларусь — немцы і італьянцы
У першыя два дні бязвізавага ўезду ў Беларусь найбольш актыўна гэтай магчымасцю скарысталіся немцы і італьянцы. Пра гэта агенцтву БЕЛТА распавялі ў Дзяржаўным памежным камітэце.
Па звестках на 18.00 13 лютага бязвізавым уездам праз Нацыянальны аэрапорт Мінск скарысталіся ўжо 218 чалавек. Сярод іх найбольш грамадзян Нямеччыны — 43 чалавекі. Другое месца займаюць госці з Італіі — 32. Па 16 чалавек прыехалі з Вялікабрытаніі і Нідэрландаў, 14 турыстаў прыбылі з Польшчы.
Бязвізавы рэжым для грамадзян 80 краінаў пачаў дзейнічаць у Беларусі з 12 лютага. Згодна з ім, замежныя госці могуць прабыць у Беларусі да пяці дзён, калі прыбываюць праз Нацыянальны аэрапорт Мінск.