Назіральнікі заявілі пра масавы прымус да датэрміновага галасавання на выбарах
У першы дзень датэрміновага галасавання на выбарах у Палату прадстаўнікоў назіральнікі кампаніі “За справядлівыя выбары” зафіксавалі факты прымусу да волевыяўлення. Пра гэта БелаПАН паведамілі прэс-службе кампаніі.
Паводле інфармацыі назіральнікаў, 6 верасня ішло масавае галасаванне студэнтаў БНТУ. Выбарчы ўчастак №549 Коласаўскай выбарчай акругі №106 знаходзіцца ў вучэбным корпусе ўніверсітэта. Студэнты арганізавана групамі ў вучэбны час прыходзілі на ўчастак для галасавання. Па іх словах, іх “папрасілі” прагаласаваць датэрмінова.
Паводле звестак назіральнікаў, на гэтым участку ў першы дзень прагаласавала 785 чалавек з 1028 усіх выбаршчыкаў, а гэта 76%. “Нават сябры выбарчай камісіі не былі да гэтага гатовымі і ў выніковай інфармацыі зменшылі колькасць людзей, якія прагаласавалі, да 636”, — паведамілі ў кампаніі.
На выбарчы ўчастак № 688 Партызанскай выбарчай акругі №110 супрацоўнік міліцыі строем прывёў на галасаванне 75 чалавек, якія адбываюць пакаранне ў папраўчай калоніі пасялення.