За далучэнне да Расіі прагаласавала 96,77% крымчан (фота, відэа)

10:00 За далучэнне да Расіі — 96,77% удзельнікаў крымскага рэферэндуму.

За аднаўленне канстытуцыі Рэспублікі Крым 1992 года і захаванне рэгіёну ў складзе Украіны свае галасы аддалі 2,51% выбарцаў. Несапраўднымі прызнаныя 0,72% бюлетэняў.

Ужо апрацаваныя 100% пратаколаў. Звесткі прыводзяцца без уліку Севастопаля, які з'яўляецца самастойным рэгіёнам. У рэферэндуме, згодна з афіцыйнай статыстыкай, прынялі ўдзел 81,36% жыхароў Аўтаномнай Рэспублікі Крым.

23:40 За далучэнне да Расіі прагаласавала 95,5%. Такія дадзеныя агучыў кіраўнік крымскага выбаркама пасля апрацоўкі 50% бюлетэняў.

23:10 Па дадзеных на момант закрыцця выбарчых участкаў у Аўтаномнай Рэспубліцы Крым прагаласавала 81,36%, у Севастопалі - 89,51%. У цэлым па Крыме яўка склала 82,71%. Пра гэта паведаміў старшыня камісіі Вярхоўнага савета Крыма па арганізацыі і правядзенні рэферэндуму Міхаіл Малышаў.

23:00 Зніклыя святары Украінскай грэка-каталіцкай царквы знайшліся. Ім удалося уцякчы з Крыму, паведамляе "Радыё Свабода".

22:45 У Сімферопалі праходзіць канцэрт з нагоды рэферэндума.

22:32 На ўчастку 12006 ў Бахчысараі (7-й раён кампактнага пражывання крымскататарскага насельніцтва) прыйшлі 113 чалавек з 785 зарэгістраваных выбаршчыкаў. За далучэнне да Расіі прагаласавалі 109 чалавек, піша Новая газета.

21:05 Выбарчыя ўчасткі ў Крыме зачыніліся. Па папярэдніх дадзеных яўка перавысіла 80%. Па дадзеных экзіт-полаў, якія праводзіла толькі адна арганізацыя акрэдытаваная ўладамі Крыма, за далучэнне Крыма да Расіі прагаласавала 91% выбаршчыкаў.

ЗША і ЕС даўно заявілі, што не прызнаюць вынікі рэферэндуму, як і яго законнасць. Не прызнае рэферэндум і Кіеў.

Святкаваць вынікі рэферэндуму ў Сімферопалі і Севастопалі пачалі яшчэ да закрыцця участкаў для галасавання.

20:15 Экс-кіраўнік Меджліса крымскататарскага народа Мустафа Джэмілёў кажа, што большасць татараў не ўдзельнічала ў рэферэндуме. Паводле яго інфармацыі яўка ў Бахчысараі і Белагорскам раёне максімум 30%, а не 64%.

19:45 На рэферэндуме ў Крыме на 19:00 яўка склала 73,4%, у Севастопалі 83,5%.

19:40 Папярэднія вынікі рэферэндума агалосяць а 23:30 па беларускім часе на цэнтральнай плошчы Сімферопаля. Вынікі афіцыйных экзіт-полаў будуць вядомыя а 21 гадзіне.

19:30 Сілы самаабароны Крыма працягваюць несці ахову газаразмеркавальнай станцыі на Арабацкай стрэлцы ў Крыме, бо да гэтага часу захоўваецца пагроза парушэння сістэм энерга-і газазабеспячэння. Пра гэта сёння заявіў старшыня Савета міністраў Крыму Сяргей Аксёнаў, паведамляе Крымінформ.

19:15 У Крыме па стане на 17 гадзін яўка склала 70%.

19:00 У Крыме другі раз знік святар Украінскай грэка-каталіцкай царквы Мікалай Квіч, таксама знік святар Багдан Касцецкі з Еўпаторыі і Ігар Гаўрылаў з Ялты.

Мікалай Квіч паспеў тэлефонам паведаміць, што да яго ў кватэру ломіцца прарасійская самаабарона і міліцыя. Цяпер яго тэлефон недаступны.

Двое другіх святароў ехалі ў адной машыне іх тэлефоны не адказваюць. Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт Украінскай грэка-каталіцкай царквы.

18:00 Вярхоўны Савет Крыма збярэцца на пазачарговую сесію 17 сакавіка. На ёй плануюць абвясціць і зацвердзіць вынікі рэферэндума аб уваходжанні ў склад Расіі.

17:35 Расійскія вайскоўцы не будуць блакаваць ўкраінскія вайсковыя часткі ў Крыме пасля рэферэндуму. Блакаванне частак здымуць да 21 сакавіка, так дамовіліся камандуючыя, пра гэта УНІАН паведаміў в.а. міністра абароны Ігар Цянюх. За гэты час ваенныя змогуць папоўніць свае запасы.

17:10 Як паведамляе Камісія па падрыхтоўцы і правядзенні агульнакрымскага рэферэндуму на 16:00 па мінскім часе  ў рэферэндуме прыняло ўдзел 63,97% насельніцтва, гэта 970 019 чалавек. Найбольш актыўна галасуюць: Керч (75,6%), Феадосія (70,54%), Сімферопальскі раён (71%), а таксама чыгуначны раён Сімферопаля (80,02%). Найменш актыўныя жыхары горада Сакі (50,05%), Бахчысарая (50,42%) і Кіраўскага раёна (51,16%)

Працэнт выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні.

Алушта 67,56%

Армянск 62,31%

Джанкой 67,81%

Аўпаторыя 60,08%

Керч 75,6%

Краснаперакопск 67,07%

Саки 50,05%

Судак 64,15%

Феадосія 70,54%

Ялта 60,86%

Бахчысарай 50,42%

16:55 Ваенных з часткі марской пяхоты ў Керчы адпускаюць прагаласаваць на 3 гадзіны. Але замест рэферэндума ваенныя ідуць дадому, каб пагутарыць са сваякамі.  Вайсковую частку працягваюць блакаваць вайскоўцы батальёна марской пяхоты каспійскай флатыліі, якія не хаваюць сваёй прыналежнасці да рускай арміі, паведамляе news.liga.net.

16:15 Галасаванне на даму — Белагорскі раён Крыма. Фота: EPA

15:00 На ўчастку 08054 у Сімферопалі па дадзеных камісіі яўка на 13:30 (14:30 Мінск) склала 67%, па інфармацыі назіральнікаў бюлетэні ў скрыні апусцілі толькі 60%. Магчыма, некаторыя забіралі бюлетэні з сабой, паведамляе Новая газета.

У Бахчысараі на ўчастку, дзе большасць жыхароў крымскія татары, яўка вельмі нізкая каля 8%.

14:00 Сяргей Аксёнаў паведаміў "Інтэрфаксу-Украіна", што яўка на 12:30 (13:30 Мінск) практычна ва ўсіх раёнах Крыму склала 45-50%.

13:25 У Феадосіі на ўчастку 10020 яўка склала 49% на 13 гадзін (па Мінску), пра гэта паведамляе кіраўнік камісіі Галіна Куксенка.

13:05 У Данецку пачаўся мітынг у падтрымку крымскага рэферэндума.

12:45 У Данецк на прарасійскі мітынг людзей звозяць аўтобусамі, паведамляюць украінскія СМІ. У асноўным гэта мужчыны ад 20 да 40 гадоў. Мітынг у падтрымку далучэння да Расіі павінен пачацца ў Данецку ў 13:00 (па мінскім часе).

12:35 Гарсавет Ялты паведамляе аб высокай яўцы на рэферэндуме. Фота: yalta-gs.gov.ua

12:20 У Данецкай вобласці бачылі цягнік з танкамі (відэа)

11:50 Рэферэндум пад аховай "Беркута". Фота Новай газеты.

11:40 У дзень рэферэндума ў Крыме праводзяць антытэрарыстычныя вучэнні, паведамляе РБК-Украіна.

Паведамляецца, што вучэнні планавыя. Іх мэта праверка скаардынаванасці дзеянняў міліцыі і іншых структур.

11:30 Яўген Фельдман піша, што такія ўлёткі вісяць на многіх пад'ездах у Крыме

11:00 У Крыме на выбарчых участках выдаюць бюлетэні для галасавання грамадзянам Расіі. Журналістка Кацярына Сергацкова піша ў Facebook, што ёй выдалі бюлетэнь, па расійскім пашпарце.

"Рэферэндум лічыць адкрытым! Я, грамадзянка Расіі, з прапіскай у Сімферопалі, атрымала бюлетэнь са словамі:" Ну, раз вы тут жывёце, значыць, можаце галасаваць. Цётачка, не знайшоўшы мяне ў спісах, проста ўпісала маё прозвішча ў іншы спіс".

На галасаванне вынесеныя два пытанні: “Вы за ўз’яднанне Крыму з Расіяй на правах суб’екта Расійскай Федэрацыі?” і “Вы за аднаўленне дзеяння Канстытуцыі Рэспублікі Крым 1992 года і за статус Крыму як часткі Украіны?”.

Як Крым выглядаў за дзень да рэферэндума — фотарэпартаж на саце "Новай газеты".

Пытанні ў бюлетэнях для галасавання надрукаваныя на трох мовах — украінскай, рускай і крымататарскай.

Канстытуцыя Украіны не прадугледжвае правядзення мясцовых рэферэндумаў, таму ўкраінскія ўлады прызналі яго незаконным. Ніводная краіна свету, апроч Расіі, не выказала яму падтрымкі.

Напярэдадні Рада бяспекі ААН спрабавала прыняць рэзалюцыю па рэферэндуме ў Крыме. Згодна з праектам дакумента, прапаноўвалася абвясціць, што крымскі плебісцыт не мае сілы і заклікаць усе краіны не прызнаваць яго вынікаў. У часе галасавання Расія скарысталася сваім правам вета і заблакавала праект рэзалюцыі. Аднак гэтую рэзалюцыю яшчэ могуць прыняць на генеральнай асамблеі ААН, дзе Расія права вета не мае.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі