Neuro Dubel “На Марс!”

Дыск “На Марс!Neuro Dubel з’явіўся вельмі нечакана і раптоўна. Новыя песні пачалі стварацца толькі ў снежні, а ўжо праз пяць месяцаў быў прэзентаваны дваццацітрэкавы альбом. Прычым, чэмпіёнам па хуткасці стаў адзін з самых шалёных трэкаў кружэлкі “Сельпо”. Разам з аранжыроўкай яго канчатковую версію Neuro Dubel зрабіў за 1 гадзіну 20 хвілін. Лідар гурта Аляксандр Кулінковіч назваў “Сельпо” “адным з лепшых трэкаў на альбоме”, і выказаў здагадку, што “падчас яго гучання на танцполе будуць ламацца ногі ды рукі”. І з гэтым складана не пагадзіцца!

Пасля выдання “самага добрага і самага цэнзураванага ды бестурботнага альбома“До..уя советчиков”, менавіта так яго характарызавалі самі музыкі, Neuro Dubel вырашыў адыйсці ад “рамштайнаўшчыны” і вярнуцца да больш моцнага агрэсіўнага панкаўскага гучання. “На Марс!” даволі мацерны рэліз. Але Аляксандр Кулінковіч умее выкарыстоўваць “моцныя словы” так, што яны не рэжуць вуха і стаяць у тэкстах абсалютна да месца. Прычым, любая спроба адцэнзураваць песню, хутчэй за ўсё, папросту яе сапсуе.

Калі не ўлічваць ужо добра знаёмы аматарам Neuro Dubel трэк на словы Уладзіміра Караткевіча Папараць-кветка”, то адзіная беларускамоўная песня на альбоме — загалоўная “На марс!”. Вельмі манументальны трэк. Нават не верыцца, што сама песня з’явілася значна пазней, чым яе назва ды, адпаведна, назва альбома. Нумар “На марс!” аддае нават нейкай гімнавасцю ды агіткай, але яе безумоўна можна лічыць галоўным хітом альбома.

Традыцыйным альбомным каверам гэтым разам стала песня Барыса Грабеншчкова Рок-н-ролл мёртв”. Зроблены ён абсалютна ў стылістыцы Neuro Dubel. І, калі б не шырокая вядомасць твора Барыса Барысавіча, то аўтарства песні можна было б з лёгкасцю прыпісаць і “Дзюбелям”. Новае гучанне, можна сказаць, дае трэку новае жыццё, бо ён адкрываецца і для аматараў цяжкой музыкі. Дарэчы, вельмі цікава было б пачуць стаўленне да такога прачытання хіта самога аўтара.

Агулам жа альбом Neuro Dubel На Марс!” пакідае выключна станоўчыя ўражанні. Што праўда, калі параўноўваць яго з папярэднікамі “До..уя советчиков” ды “Афтары правды”, то “На Марс!” усё ж выглядае слабейшым. Але даволі часта песні Neuro Dubel патрабуюць вытрымкі, яны як віно, з часам пераўтвараюцца з “такога” ў “выбітныя”. У любым выпадку, дыск чарговы раз даказвае, што рана яшчэ распускаць гурт. Варта нягледзячы на розныя жыццёвыя сітуацыі працягваць працаваць далей. Ну і ў якасці парады аматарам гурта: фінальная песня альбома “На Марс!” “Уходим тихо” вельмі падступная. Яе прыпеў на столькі часта адгукаецца ў паўсядзённых справах, што даводзіцца канкрэтна стрымлівацца, каб не выкрыкнуць яго гучна ў натоўп:).

  1. Трэк-ліст:
  2. 01 – Интро
  3. 02 – Счастье
  4. 03 – Сельпо
  5. 04 – Стремительное слово
  6. 05 – На Марс!
  7. 06 – Метро
  8. 07 – Насущное слово
  9. 08 – Битва на мотоциклах
  10. 09 – Рок-н-ролл мертв
  11. 10 – Патриотическое слово
  12. 11 – Милицейские
  13. 12 – Слово про любовь
  14. 13 – Пара сук
  15. 14 – Папараць-кветка
  16. 15 – Мучительное слово
  17. 16 – Диско
  18. 17 – Маленькая песенка
  19. 18 – Неистовое слово
  20. 19 – Уходим тихо
  21. 20 – Аутро

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі