Новая кніга пра Гары Потара выйдзе 31 ліпеня
Восьмая кніга з серыі пра Гары Потара пабачыць свет 31 ліпеня, абвясціла выдавецтва Little, Brown and Company. Гэта будзе п'еса "Гары Потар і праклятае дзіця".
Як перадае BBC, кніга з'явіцца ў продажы праз дзень пасля прэм'еры спектакля ў тэатры "Палас" у лонданскім Вест-Эндзе. Дзеянне ў п'есе разгортваецца праз 19 гадоў пасля падзеяў рамана "Гары Потар і Дарункі смерці". Сам Потар працуе ўжо ў міністэрстве магіі і выхоўвае траіх дзяцей школьнага веку.
Джоан Роўлінг упершыню абвясціла пра п'есу ў снежні 2013 года. Тады пісьменніца паведаміла, што атрымала "нязмераную колькасць просьбаў ператварыць гісторыю пра Гары Потара ў тэатральную пастаноўку".
П'есу Роўлінг напісала ў суаўтарстве са сцэнарыстам і лаўрэатам брытанскай прэміі BAFTA Джэкам Торнам і Джонам Ціфані, які выступіць рэжысёрам пастаноўкі.
Ужо вядома, хто будзе задзейнічаны ў спектаклі. Герміёну Грэйнджар будзе граць 45-гадовая чарнаскурая актрыса Нома Думезвені. Дарослага Гары Потара ў спектаклі ўвасобіць 36-гадовы Джэймі Паркер, а Рона Уізлі будзе граць 34-гадовы Пол Торнлі.