Па Беларусі правязуць "танкі Перамогі", зробленыя ў Чэхаславакіі для Лаоса
Танк, ілюстрацыйнае фота
Да 20 ліпеня па гарадах і вёсках Беларусі будуць вазіць "легендарныя танкі Перамогі" Т-34. Адбываецца гэта ў рамках акцыі "Марш Перамогі", якую праводзіць Мінабароны Беларусі.
"Легендарныя танкі Т-34 правязуць па населеных пунктах, якія асабліва вызначыліся ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі і сёлета ў лютым ўзнагароджаныя вымпеламі "За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны", — заяўляюць у Мінабароны.
У прыватнасці, такім вымпелам былі адзначаныя Баранавічы, Дзяржынск, Дзятлава, Калінкавічы, Любань, Асіповічы, Чавусы, гарадскія пасёлкі Обаль і Асвея.
Акрамя танкаў беларусы змогуць пабачыць выступы вайскоыф творчых калектываў, спецыялістаў кіналагічнага цэнтра са службовымі сабакамі і наведаць перасоўныя выставы рарытэтнага і сучаснага ўзбраення.
Праўда, ні да Другой сусветнай, ні да Перамогі гэтыя машыны дачынення не маюць, звяртае ўвагу "Зеркало". Танкі Т-34, якія прыбылі з Расіі ў Беларусь да параду 3 ліпеня, у вайне ўвогуле не ўдзельнічалі. Іх пабудавалі праз некалькі гадоў пасля яе ў Чэхаславакіі для Лаоса. Гэтыя машыны заўважна адрозніваюцца ад савецкіх Т-34.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.