Пацукі, замахі, порна: якія “правакацыі” выяўлялі ўлады перад выбарамі

Выбары ў Беларусі

Выбары ў Беларусі / @rubanau_collage

Амаль кожная перадвыбарчая кампанія ў Беларусі суправаджалася маніпуляцыямі і запужваннем грамадства “вонкавай пагрозай”, што дазваляла ўладам дыскрэдытаваць апазіцыю.

Еўрарадыё згадала самыя гучныя “правакацыі”, якія ўлады “раскрывалі” перад выбарамі або адразу пасля іх.


1994 год: “замах” на “народнага кандыдата”

Ужо тады, здавалася б, у вольнай Беларусі кампанія Лукашэнкі была пабудавана вакол таго, што дэмакратычныя кандыдаты “прададуць” краіну Захаду. Але самай знакавай падзеяй стаў “замах на Лукашэнку” ў Лёзне.

За тыдзень да выбараў, 16 чэрвеня 1994 года, Лукашэнка выступаў у Віцебску і позна ўвечары на машыне са сваімі паплечнікамі накіроўваўся ў Лёзна.

Пацукі, замахі, порна: якія “правакацыі” выяўлялі ўлады перад выбарамі

Рэшту гісторыі СМІ ведаюць са словаў самога Лукашэнкі: маўляў, у 23:10 на 24-м кіламетры аўтадарогі Віцебск — Лёзна ў "Мерседэсе", у якім ехалі дэпутаты Аляксандр Лукашэнка, Іван Ціцянкоў і Віктар Шэйман, двойчы стрэлілі з нявызначанага аўтамабіля.

Адметна, што ў прэсе адрозніваліся падрабязнасці абставінаў здарэння: мянялася колькасць пасажыраў, хуткасць, выгляд машыны, з якой стралялі ў Лукашэнку, і нават кірунак, у якім рухаўся кандыдат у прэзідэнты.

А следчы эксперымент увогуле ўстанавіў, што абстрэл машыны, у якой ехалі народныя дэпутаты, з салона машыны, якая абганяла іх пры ўмовах, выкладзеных сведкамі, немагчымы. Экспертызы абверглі гісторыю замаху. Многія даследчыкі гэтага эпізоду сыходзяцца ў меркаванні, што “Лёзненскі замах” быў толькі інсцэніроўкай.


2006 год: тэракты ў школах і пацукі

У 2001 годзе зноў была рыторыка пра “заходніх стаўленікаў” у дачыненні да апазіцыі, а падчас кампаніі 2006 года ўлады напружыліся.

Некалькі гадоў перад гэтым у суседняй Украіне адбылася “Аранжавая рэвалюцыя”, і ўлады Беларусі вельмі баяліся паўтарэння тых падзей на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску.

Ужо 1 сакавіка былы кіраўнік КДБ Сцяпан Сухарэнка расказаў пра “раскрыццё сцэнару сілавога захопу ўлады радыкальнай апазіцыяй” і прадухіленыя тэракты. Праз два тыдні ён паведаміў пра “раскрыццё” чатырох тэрактаў у школах, якія нібыта маглі адбыцца ў асноўны дзень галасавання 19 сакавіка. 

Асцярожна: крынж

Пазней, пасля разгрому АМАПам намётавага мястэчка на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску (яно прастаяла амаль тыдзень) на БТ паказалі рэпартаж, што ў тых намётах нібыта знайшлі шпрыцы і порначасопісы. А праз 10 гадоў аўтар гэтага сюжэта Дзяніс Бальшакоў стаў прэс-сакратаром інфармацыйнага агенцтва "Спутник" у Беларусі.


2010 год: выбухоўка і арматура

11 снежня 2010 года (за тыдзень перад выбарамі) Уладзімір Макей, які тады займаў пасаду кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, расказаў, што апазіцыя рыхтуе правакацыі, закупляе выбуховыя рэчывы і г. д.

Але ўвечары 19 снежня (дзень выбараў) сілавікі брутальна спынілі калону Уладзіміра Някляева, якая рухалася ў бок Кастрычніцкай плошчы. Фармальнай нагодай стала тое, што нібыта ў машыне пратэстоўцаў былі дымавыя шашкі і пруты арматуры. Гэтую машыну паказалі па БТ, але пазней, на судах, актывісты заявілі, што гэта была абсалютна іншая машына.

Дзяржаўная прапаганда закрыла тэму пратэстаў пасля выбараў 2010 года фільмам “Жалезам па шкле”. У ім расказвалася, як былыя апазіцыйныя кандыдаты нібыта набывалі ва Украіне металічныя штыры, нажы, а яшчэ захоўвалі ў нейкім гаражы патроны, аўтаматы, выбуховыя сродкі і нават гранатамёт. Паводле версіі БТ, след да яго нібыта вёў ад загадкавых грамадзян Расіі, якіх затрымалі на мяжы з шашкамі тратылу.

Адметна, што пасля выхаду фільма іншыя журналісты знайшлі той самы гараж у мінскай Малінаўцы. Ён не быў апячатаны. А ўласнікі суседніх гаражоў здзівіліся сюжэту на БТ, бо “тут ніколі ніхто не карыстаўся навяснымі замкамі”, але ў кадрах сілавікі яго зразалі.

 

2020 год: танкі, секс і “рука Масквы”

2015 год не адзначыўся правакацыямі. Улады класічна запужвалі “сіламі звонку”, але для гэтага і не было асаблівай нагоды. Тыя выбары прайшлі ціха, хоць і з невялікай акцыяй пратэсту, якую ніхто  не разганяў. Чаго не скажаш пра наступную выбарчую кампанію.

Першая гучная правакацыя напярэдадні выбараў 2020 года адбылася 29 траўня ў Гродне. У выніку быў затрыманы Сяргей Ціханоўскі, які збіраў подпісы за кандыдатку — жонку Святлану, — і яго паплечнікі.

Усё пачалося з жанчыны, якая чапляла Ціханоўскага правакацыйнымі пытаннямі. Знянацку ў спрэчку ўмяшаліся міліцыянты, якія хацелі затрымаць блогера — відаць, за тое, што той не адказаў на пытанні жанчыны.

У выніку бойкі міліцыянт апынуўся на зямлі, а пазней яго даставілі ў хуткую дапамогу. Увесь гэты вэрхал стаў прычынай затрымання Сяргея Ціханоўскага.

У сярэдзіне ліпеня ўлады спрабавалі беспаспяхова дыскрэдытаваць іншага кандыдата ў прэзідэнты — Валерыя Цапкалу. У тэлеграме пачаў распаўсюджвацца ролік з чалавекам, падобным на палітыка, і дзвюма жанчынамі. Неўзабаве пасля гэтага турэцкі бізнесовец Седат Ігдэджы, які працаваў з Цапкалам, заявіў, што даваў яму хабары і заказваў яму секс-працаўніц. Але тэлеграм-канал Nexta заявіў, што ў роліку, магчыма, зняўся супрацоўнік АМАП Аляксей Кавалёў.

Супраць трэцяга і самага папулярнага кандыдата, Віктара Бабарыкі, пачалася іншая кампанія — былы кіраўнік КДБ Іван Тэртэль заявіў, што за дзейнасцю банкіра стаяць лялькаводы, вялікія начальнікі з “Газпрама”, “а можа, і нехта вышэйшы”. Так ён пракаментаваў затрыманне кандыдата і яго сына Эдуарда і пачатак справы супраць топ-менеджараў і супрацоўнікаў “Белгазпрамбанка”.

Іншым дзіўным інцыдэнтам перад тымі выбарамі стала затрыманне ў Беларусі 32 баевікоў ПВК “Вагнер” з расійскім грамадзянствам. Беларускія сілавікі паведамілі, што яны атрымалі інфармацыю пра нібыта 200 чалавек, якіх накіравалі ў Беларусь для “дэстабілізацыі абстаноўкі”.

Пацукі, замахі, порна: якія “правакацыі” выяўлялі ўлады перад выбарамі

А ўжо пасля выбараў, калі Беларусь паглынулі пратэсты, 17 жніўня Лукашэнка правёў свой мітынг, на якім заявіў, што “НАТАўскія ляскаюць гусеніцамі ля нашых варот, ідзе нарошчванне ваеннай моцы на заходніх межах нашай краіны”. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі