Пад Стоўбцамі масава знішчаюць свіней і забіраюць мяса з халадзільнікаў

“Во толькі ад нас паехалі. У Барыса, Яніны, Тэрэсы свіней забілі. Усяго — у пяці гаспадарках, — абураецца нядаўняму візіту ветэрынараў і міліцыі спадарыня Юзэфа, жыхарка вёскі Зяневічы Стаўбцоўскага раёна. — Прыязджаюць і, не правяраючы, здаровых свіней грузяць у трактар. Два гады свіней не трымаць сказалі. Каб у касцёл у Хатаву не пайшлі, то і не даведаліся б пра тое, што будуць забіраць. Я паспела свінню закалоць і дзецям ў Мінск вывезці. Пытаюцца людзі ва ўрача са Стаўбцоў: “На якой падставе вы заходзіце на гаспадаркі і забіраеце?” — а ён маўчыць і нічога не кажа. Успышкі чумы ў нас жа не было”.

Праз мясцовых жыхароў нам удалося адшукаць гаспадыню ў вёсцы Зяневічы, у якой забралі свіней. Цікавімся, як гэта патлумачылі.

“Старшыня сельсавета прыйшоў у хату: “Добры дзень. Выйдзеце на двор”, — распавядае бабуля праз слёзы. — І расказалі. Я ім: “А свінні ж не хворыя”. А яны: “Сёння не хворыя — заўтра захварэюць”. Доктар зрабіў свінням уколы, яны трохі паваляліся, патрапяталі — і ўсё… Былі там пагрузчыкі. Яны свіней забралі і закінулі. Паперку нейкую далі, але пра кампенсацыю там нічога не сказана. Свінні былі па 80 кг, у снежні іх куплялі, гадавалі. І вось такая справа выйшла”.

На мінулым тыдні Еўрарадыё паведаміла пра выпадкі смерцяў свіней у Стаўбцоўскім раёне. Сімптомы былі падобныя на афрыканскую свінячую чуму. Людзі, даведаўшыся, што парсюкоў забяруць, масава калолі іх на падворках.

І вось перад суботай 22 чэрвеня па раёне расставілі міліцэйскія пасты. Людзей, якія спрабавалі вывезці свінячыя тушы, не прапускалі. Дарогі пасыпалі дзіўнай сумессю з пілавіння і нейкіх парашкоў.

У аўторак 25 чэрвеня ветурачоў і міліцыю чакаюць у вёсцы Цеснавая — гэта ў лічаных кіламетрах ад Зяневічаў.

“Мы тут усе ў шоку. Ніхто ж не папярэдзіў. У нас яшчэ не вывозяць, але мы ўжо напагатове. Наўкол усе мы ачэпленыя міліцыяй, — апісвае мясцовая жыхарка сітуацыю ў роднай вёсцы, як баявы фронт. — У іншых вёсках прыходзяць і забіраюць гэтых свіней. У каго колата нядаўна — прыходзяць і чысцяць халадзільнік. Зараз вывозяць з найбліжэйшых вёсак. А потым да нас. У той жа Хатаве машыны з вёскі не выпускаюць і не ўпускаюць”.

Ад жыхароў Стаўбцоўскага раёна мы пачулі пра канфіскацыі свіней у вёсках Хатава, Налібакі, Ніўнае і многіх іншых. Але, нягледзячы на сапраўдны перапалох, улады сітуацыю не каментуюць.

У Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі нас перанакіроўваюць на першага намесніка загадчыка Дэпартамента ветэрынарнага і гандлёвага нагляду. Але чыноўнік на тэлефанаванні не адказвае. Адключаны і яго мабільнік.

На сайце Дэпартамента апісаны ўсяго адзін выпадак афрыканскай чумы свіней — у Гродзенскай вобласці. Пра Стаўбцоўскі раён — ані слова.

Заяц: Ачаг афрыканскай чумы свіней ў Іўеўскім раёне лакалізаваны!
 

Парсюкі з Цеснавой хаваюцца ў хляве. Днямі яны могуць атрымаць свае апошнія ў жыцці ўколы

Гаспадарка ў вёсцы Ніўнае, дзе, па словах мясцовых жыхароў, здарыўся першы выпадак свінячай смерці. На думку людзей, мела месца афрыканская чума свіней. А што было насамрэч, афіцыйна не паведамляецца

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі