Падарунак на Каляды: новы альбом з надзвычай доўгай назвай ад “Фляус і Кляйн”
Гурт “Фляус і Кляйн” прадстаўляе на Еўрарадыё свой новы альбом са складанай назвай “Тестирование потустороннего гидровелосипеда в многомерном пространстве”, які музыкі “выкапалі з глыбіні” і вырашылі падарыць на Каляды сваім прыхільнікам.
Сам гурт некалькі гадоў не паказваўся публіцы. Пасля вяртання з Масквы і Кіева, дзе гурт спрабаваў замацавацца, яго ўдзельнікі заняліся ўласным справамі, хоць, па словах фронтмэна “Фляусаў” Сяргея Валодчанкі, і “музыцыравалі ў думках”. Адпаведна, мяркуе Сяргей, па ўнутраным складніку і пасылу лонгплэй — гэта такі прывет наваполацкіх рокераў з 2011 года, калі, уласна, і адбываўся асноўны этап запісу дыска.
“Тут пераважае прасторава-атмасферная думка, — уласціва для сябе распавядае Валодчанка. — Але больш адчувальнай яна была тады, калі стваралася кружэлка. Яна была больш ядвабнай і зразумелай. У любым выпадку, у альбоме перададзеная пэўная інфармацыйная сага, і там усё чуваць: некаторыя рэчы кажуць пра канкрэтнае, некаторыя — эмоцыі, якія падаюць, як шматкі. Сэнс у тым, што альбом быў закапаны ў тайніку пад зямлёй, а цяпер проста раскапалі гэтую музычную шкатулку і вырашылі паказаць”.
Ці адбудзецца рэюніан “Фляуса і Кляйна” (апошні раз музыкі гралі ў 2012 годзе), невядома. Але, кажа басіст гурта Аляксандр Верны, новы матэрыял у наваполацкіх дзівакоў назапашаны.
“У любым выпадку, мы вельмі рады, што гэты этап скончаны”, — рэзюмуе Аляксандр.
Сінгл “Воздушный шар” і прэв'ю новага альбома ад “Фляус і Кляйн” (слухаць)