"Пакаянныя відэа" — абраза самой сутнасці студэнцтва — прадстаўніца Ціханоўскай

Крысціна Рыхтэр адрэагавала на скандальнае відэа ад юрфака БДУ / t.me/tsikhanouskaya/
Крысціна Рыхтэр адрэагавала на скандальнае відэа ад юрфака БДУ / t.me/tsikhanouskaya/

Прадстаўніца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр адрэагавала на відэа, на якім "каецца" студэнт юрфака БДУ. Яно было апублікаванае ў інстаграм-акаўнце навучальнай установы.

"Студэнцтва — гэта час свабоды, самавыяўлення і творчасці, піша Рыхтэр. — Гэта перыяд, калі маладыя розумы расцвітаюць, напаўняючыся ідэямі, марамі і жаданнем фармаваць свет вакол сябе. Але не ў Беларусі Лукашэнкі".

Прадстаўніца Ціханоўскай адзначае, што адбылося "абуральнае парушэнне фундаментальных правоў, якія ляжаць у аснове ўсяго акадэмічнага шляху". Паводле яе слоў, "ідэя "пакаянных відэа" выбралася за сцены ГУБАЗіКа і аддзелаў міліцыі". "Цяпер нават не трэба быць падпісаным на "экстрэмісцкія" медыя, распаўсюджваць "экстрэмісцкія" матэрыялы або выходзіць на маршы, — піша Крысціна Рыхтэр. — Дастаткова проста не любіць БРСМ і выказвацца пра гэта, каб трапіць у Instagram сваёй ВНУ з пакаянным відэа".

"Прымушаючы студэнтаў запісваць такія відэа, рэжым спрабуе здушыць іх голас і перашкаджае развіццю крытычнага мыслення. Гэта абраза самой сутнасці студэнцтва — часу, калі цікаўнасць, незалежнае мысленне і адкрыты дыялог павінны шанавацца і заахвочвацца... Будучыня Беларусі — у нашых маладых людзях, а не ў тых, хто прымушае іх запісваць падобныя відэа", — дадае прадстаўніца Святланы Ціханоўскай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі