Палітвязень Уладзімір Гундар трапіў у карцар і абвясціў галадоўку
Уладзімір Гундар на судзе / БЕЛТА
Палітвязня Уладзіміра Гундара зноў пасадзілі ў карцар. На знак пратэсту ён абвесціў галадоўку, піша праваабарончы цэнтр "Вясна".
Жонка палітвязня Алена Гундар расказала, што мужа пасадзілі ў карцар увечары 17 верасня. Перад тым ён адмовіўся жыць у адной камеры з падселенымі да яго двума вязнямі "нізкага сацыяльнага статусу". У адказ адміністрацыя турмы пакарала яго 10 суткамі карцара.
На час спагнання Гундар абвясціў, што будзе трымаць галадоўку і піць толькі ваду.
Паведамляецца таксама, што палітвязень захварэў, таму яму патрэбныя лекі. Магчыма, у яго каранавірус.
Палітвязня Уладзіміра Гундара судзяць у гродзенскай турме ў складзе "групы Мікалая Аўтуховіча". Суд пачаўся 18 траўня. Гундар мае інваліднасць. Ён ужо абвяшчаў галадоўку падчас суда.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.