Палітвязень Уладзімір Гундар у судзе: "Следства сшыла справу белымі ніткамі"
У гродзенскай турме працягваецца гучны працэс над 12 удзельнікамі "групы Аўтуховіча". Адным з апошніх дапыталі Уладзіміра Гундара, якога абвінавачваюць па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: "удзел у злачыннай арганізацыі", "захоп альбо ўтрыманне дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам", "замах на злачынства".
"Даваць паказанні і адказваць на пытанні не буду, — цытуе словы Гундара sb.by. — Лічу, сябе годным нашчадкам сваіх продкаў, годным грамадзянінам сваёй краіны. Хачу расказаць, як мяне залічылі да "тэрарыстаў" і "здраднікаў радзімы". Нарадзіўся ў 1960 годзе на прадзедавым хутары Дзядкі на акупаванай расійскімі акупантамі зямлі. Аб праўдзе і свабодзе даведаўся ад сваёй бабулі Марыі, якая распавяла, як акупанты забівалі маіх дзядоў і прадзедаў. Праз 80 гадоў іх журботнай дарогай іду і я, толькі для таго, каб мае дзеці і ўнукі жылі ў свабоднай дэмакратычнай краіне".
Уладзімір Гундар заявіў, што не ствараў ніякіх "бандфармаванняў". "Следства сшыла справу белымі ніткамі", — кажа ён. І працягвае: "Маё абвінавачванне цалкам сфармаванае на інтэрнетаўскіх фэйках: "адна баба дзесьці нешта сказала". Яно цалкам сфабрыкаванае, заснавана на ілжывых фактах. Па лякале кэдэбэшнікаў 1930-х гадоў".
Таксама Гундар расказаў пра сваё затрыманне супрацоўнікамі КДБ у снежні 2020 года. Паводле яго слоў, да яго адразу ж аднесліся, "як да тэрарыста, патрабавалі прызнанне ў злачынствах". "Пасля мяне білі людзі ў цывільным адзенні, — працягваў ён аповед. — Пасля кожнага адмоўнага адказу на патрабаванне прызнаць сябе паслядоўнікам і супольнікам Аўтуховіча мяне білі па галаве...".
Уладзімір Гундар — інвалід (у яго ампутаваная нага). У траўні 2021-га ён ужо быў асуджаны на тры гады калоніі агульнага рэжыму за "гвалт альбо пагрозу ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі" (так кваліфікавалі яго дзеянні падчас затрымання). Гундар прызнаны палітвязнем.
Суд праходзіць з 18 траўня. Былога прадпрымальніка і "афганца" Мікалая Аўтуховіча і іншых затрымалі ў канцы 2020-га. Па версіі следства, ён быў арганізатарам і кіраўніком "злачыннай групоўкі", якая падпальвала аўтамабілі і дамы сілавікоў, стварала схованкі са зброяй, рыхтавала новыя акцыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.