Палітвязні — на чорны дзень: чаму Лукашэнка не гатовы гандлявацца з Захадам

Лукашэнка трымае палітвязняў як актыў на будучыню, пакуль на Акрэсціна фактычна забіваюць святара Уладзіслава Багамольнікава / Еўрарадыё
Лукашэнка трымае палітвязняў як актыў на будучыню, пакуль на Акрэсціна фактычна забіваюць святара Уладзіслава Багамольнікава / Еўрарадыё

У Беларусі ўжо 1445 палітвязняў. І гэта толькі тыя, пра каго вядома і хто прызнаны праваабаронцамі. У рэальнасці лічба нашмат большая. Адзінкі атрымалася ўратаваць з-за кратаў, але частка з іх — грамадзяне іншых краін. Напрыклад, Наталля Хершэ — грамадзянка Швейцарыі. Ці Віталь Шкляраў з грамадзянствам ЗША. Адпаведна дапамагалі ім гэтыя краіны. А хто дапаможа беларусам?

У дэмсілаў рэсурсаў для гэтага няма. Правесці абмен палітзняволенымі на паслабленне заходніх санкцый, як гэта раней рабіў Лукашэнка, у бліжэйшы час не атрымаецца. Бо ў гэтым не зацікаўленыя ні Захад, ні сам Лукашэнка, лічыць гісторык, палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

Рэдактар Еўрарадыё Зміцер Лукашук спытаў у прадстаўнікоў МЗС Германіі, ці не плануе Германія штосьці зрабіць для вызвалення ганаровага прафесара нямецкага ўніверсітэта і палітзняволенай Марыі Калеснікавай. Тады ўжо было вядома, што яе стан у зняволенні пагоршыўся і прыйшлося рабіць аперацыю. Адказ быў сціслы: “Германія з тэрарыстамі перамоваў не вядзе”.

Палітвязні — на чорны дзень: чаму Лукашэнка не гатовы гандлявацца з Захадам
Святлана Ціханоўская з фотаздымкам палітзняволенага мужа Сяргея / t.me/tsikhanouskaya

Атрымліваецца, зацікаўленасць бакоў ёсць, але момант для такога абмену вельмі дрэнны.

Лукашэнка не зацікаўлены ў паляпшэнні адносін з Захадам. Калі ён паспрабуе перамятнуцца на другі бок або проста палепшыць адносіны, вы ж ведаеце, як Расія на гэта паглядзіць. А ён фінансава абсалютна залежны ад Расіі, і ў дадзены момант на тэрыторыі Беларусі ўжо знаходзяцца расійскія войскі.

Іншы момант, калі ў Расіі сапраўды пачнуцца сур’ёзныя праблемы, ціск з боку Крамля аслабне і Лукашэнка будзе кроўна зацікаўлены ў Захадзе. Зацікаўлены ў тым, каб нейкім чынам яшчэ захавацца ці ў палітыцы, ці ўвогуле захаваць сваю свабоду ў выпадку паразы Расіі. У гэты момант такія кантакты спраўды магчымыя. І мне падаецца, што для Лукашэнкі палітвязні — гэта рэсурс, які ён адкладае на свой чорны дзень. Што тычыцца Захаду, вельмі непрыемна казаць, але галоўнае пытанне, якое Захад сёння ў Беларусі цікавіць — гэта ці будзе адкрыты дадатковы фронт ў вайне супраць Украіны і ці могуць перакінуцца баявыя дзеянніі на тэрыторыю Беларусі.

Ёсць і яшчэ адна праблема ў гандлі за асобнага чалавека ў абмен на нейкую суму грошай. Калі нават Лукашэнка і Захад змаглі б дамовіцца пра такое, то гэта прывядзе толькі да павелічэння палітвязняў у Беларусі, лічыць Фрыдман.

Тут ізноў жа ўзнікае пытанне маральнага характару. Ці можна ісці на перамовы з такім рэжымам, а яшчэ і прапаноўваць грошы. Калі Лукашэнка і яго атачэнне зразумеюць, што такім чынам можна зарабіць, то праз месяц-два палітзняволеных у Беларусі будзе тры, пяць і больш тысяч, — рэзюмуе Фрыдман. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі