Палітыкі і эксперт — пра высновы пасля абмену вязнямі паміж Расіяй і Захадам

Вырашэння пытання з беларускімі палітзняволеннымі па-ранейшаму няма

Вырашэння пытання з беларускімі палітзняволеннымі па-ранейшаму няма / @rubanau_collage

Учора адбыўся найбуйнейшы ў сучаснай гісторыі абмен вязнямі, агулам 26 чалавек, паміж Расіяй і шэрагам краін Захаду. Крэмль атрымаў асуджаных супрацоўнікаў спецслужбаў, а ў адказ вызваліў грамадзянаў Германіі, ЗША і шэраг расійскіх палітвязняў.

Нягледзячы на ўдзел Беларусі ў абмене, беларускіх палітвязняў сярод вызваленых не было.

Чаму беларускія дэмсілы і заходнія партнёры не скарысталіся гэтай магчымасцю? Еўрарадыё запыталася пра гэта ў палітыкаў і экспертаў.

 

Франак Вячорка, галоўны дарадца Офіса Святланы Ціханоўскай (далей — ОСТ)

— Тут дзве высновы. Першая — ёсць прэцэдэнт абмену, якім можна скарыстацца. Трэба спрабаваць усе інструменты, і дыпламатычныя ў першую чаргу, каб вызваліць людзей. Пытанне з абменам — на каго можна нашых вязняў абмяняць? 

Другая выснова — важнасць ціску. Абмену папярэджвала серыя вялікіх санкцыяў супраць Расіі. І гэты абмен  у нейкай ступені — таксама саступка Расіі Захаду ў выніку гэтага ціску.

 

Арцём Шрайбман, незалежны палітаналітык

— Чаму, з улікам удзелу ў абмене Германіі і Польшчы, у ім не фігуравалі беларускія палітвязні? Таго ж Пачобута і Калеснікаву можна было б выцягнуць, калі б было жаданне.

— Мне падаецца, адказ на пытанне, чаму там не фігуравалі беларускія палітвязні, па-свойму просты. Бо ні адна з заходніх сталіц, якія ўдзельнічалі ў абмене, не палічыла для сябе прыярытэтам уключаць туды беларускіх палітвязняў. Умоўна кажучы, не было палітычнай волі. 

Я думаю, што акно для гэтай палітычнай волі існавала нядоўга. Яно існавала з моманту, калі [грамадзянін Германіі Рыка] Крыгер стаў фактарам гэтай здзелкі, то-бок, калі ў гэта ўцягнулі беларускую ўладу. 

Палітыкі і эксперт — пра высновы пасля абмену вязнямі паміж Расіяй і Захадам
Абмен зняволенымі ў аэрапорце Эсенбога ў Анкары 1 жніўня 2024 года / ТАСС / Profimedia

Тады можна было дыктаваць ці, прынамсі, прапаноўваць нейкія дадатковыя ўмовы. Але гэтага не было зроблена, бо беларускія палітвязні не былі настолькі ў прыярытэце, наколькі аказаліся тыя расійскія палітвязні, каго ўдалося вызваліць.

— Ці не атрымліваецца, што заходнія палітыкі толькі на словах падтрымліваюць беларускіх палітвязняў?

— Гэта ацэначнае пытанне. Я сваё меркаванне наконт гэтага выказаў. <...> Проста падтрымка беларускіх палітвязняў недастатковая для таго, каб у вострыя моманты рабіць іх вызваленне прыярытэтам для Захаду. Вось і ўсё, што тут можна сказаць.

— Якія высновы дэмсілам варта зрабіць з гэтага абмену з улікам таго, што яны не ведалі, што такі абмен будзе? Ці варта пры такім раскладзе мяняць стратэгію камунікацыі з Захадам?

— Для дэмсіл гэта азначае, што за чатыры гады працы яны не змаглі стварыць такія прыярытэты ў сваіх заходніх партнёраў, каб у крытычныя моманты яны ў аснову ставілі інтарэсы беларускіх палітвязняў. І гэта своеасаблівы “рэаліці чэк”, зверка з рэчаіснасцю. Шмат візітаў, шмат легітымнасці, шмат прызнання, шмат канферэнцыяў не канвертуюцца ў тое, што праблема беларускіх палітвязняў [вырашаецца]. 

<...> Адпаведна, на мой погляд, варта нашмат больш актыўна працаваць па гэтай тэме рытарычна, прыярытызаваць яе замест некаторых відавочна тупіковых праектаў накшталт пашпарта [Новай Беларусі], [Аб’яднанага пераходнага кабінету] (далей — АПК), з якога ўцяклі амаль усе міністры, і іншых протадзяржаўных структур, пошуку шляхоў прыцягнуць Лукашэнку ў Гаагу і гэтак далей.

 

Павел Латушка, кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіравання (далей — НАУ), чалец АПК і Каардынацыйнай рады

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі