Палітзняволены журналіст Івашын упершыню за паўтара года пабачыўся з маці

Палітзняволены журналіст Івашын упершыню за паўтара года пабачыўся з маці

Маці і айчым палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына ўпершыню за паўтара года змаглі пабачыцца з ім. Як перадае Радыё "Свабода", ім далі пагаварыць амаль дзве гадзіны.

Па словах маці, Івашын выглядае добра, усміхаецца. Людміла Івашына кажа, што яны шмат часу абмяркоўвалі справу Дзяніса. Пракурор запрасіў для яго 9 гадоў калоніі, а суддзя прызначыў 13 гадоў і 1 месяц.

"Справа пабудаваная на здагадках, ніякай канкрэтыкі. Дзяніс не зразумеў, за што яго асудзілі. Ясна навошта — каб маўчаў", — кажа маці.

Жанчына кажа, што яе сына намаўлялі на супрацу і нават ціснулі на яго. "Ціск спачатку быў вельмі моцны. Абяцалі залатыя горы, скараціць тэрмін. Пагражалі мамай, жонкай, будучыняй, але ён ад усяго адмаўляўся", — расказвае маці палітвязня.

Па яе словах, Дзяніса рэгулярна выклікалі на гутаркі ў КДБ, пяць разоў кідалі ў карцар. Але апошнім часам карцарам яго не караюць.

Людміла Івашына распавяла, што на судовым працэсе Дзяніс не даваў паказанні. Сваё апошняе слова на судзе ён назваў "Словам праўды": журналіст расказаў пра сваю працу і патлумачыў, што імкнуўся праз артыкулы абараніць нацыянальную бяспеку, "падаваў сігнал уладам".

Івашын упэўнены, што ён не будзе сядзець увесь тэрмін, які яму прысудзілі. "Ён ведае ўсю абстаноўку, ведае ўсё пра вайну. На яго думку, усё ідзе да канца і неўзабаве скончыцца добра", — кажа маці.

Як распавядала Еўрарадыё, Дзяніс Івашын — журналіст-расследвальнік. Яго арыштавалі пасля шэрагу артыкулаў пра былых "беркутаўцаў", якія пасля Майдана-2014 ва Украіне, перабраліся ў Беларусь і ўладкаваліся ў сілавыя структуры.

Івашына абвінавацілі ў "здрадзе радзімы" і асудзілі на 13 гадоў і 1 месяц. Працэс быў закрытым. Таксама ён павінен выплаціць вялікую кампенсацыю дзевяці пацярпелым сілавікам, чые імёны не раскрываюцца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі