Памёр актор Дональд Сазерленд — прэзідэнт Сноў з "Галодных гульняў"
Кадр з фільма "Галодныя гульні"
Ва ўзросце 88 гадоў памёр канадскі актор Дональд Сазерленд. Шырокай публіцы ён вядомы, напрыклад, па сваёй ролі прэзідэнта Сноў у кінафраншызе "Галодныя гульні".
Пра яго смерць напісаў яго сын Кіфер Сазерленд (таксама актор і прадзюсар) у сацсетцы Х: "З цяжкім сэрцам я паведамляю, што мой бацька, Дональд Сазерленд, пайшоў з жыцця".
Прычына смерці не называецца.
Дональд Сазерленд быў вядомы не толькі як актор, але таксама як сцэнарыст і прадзюсар. Ён здымаўся ў такіх фільмах, як "Казанова Федэрыка Феліні", "Чырвоная спёка", "Абрабаванне па-італьянску", "Арол Дзявятага легіёна" ды іншых. За сваю кар'еру ён атрымаў шэраг прэстыжных узнагарод, у тым ліку "Залаты Глобус" у 2003 годзе і ганаровы "Оскар" у 2018-м.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.