Памёр экс-прэм'ер Італіі Сільвіа Берлусконі
Сільвіа Берлусконі і Аляксандр Лукашэнка / president.gov.by
Былы прэм'ер-міністр Італіі Сільвіа Берлусконі памёр сёння ў бальніцы Сан-Рафаэле ў Мілане. Пра гэта паведамляе італьянскае выданне Corriere della Sera. Лідару партыі "Наперад, Італія" і заснавальніку медыяімперыі Mediaset было 86 гадоў.
Берлусконі зноў апынуўся ў бальніцы ў мінулую пятніцу. Да гэтага ён правёў у клініцы паўтара месяца (45 дзён). Прычынай былі пнеўманія і лейкемія. З раніцы ў бальніцы сабралася сям'я палітыка, піша выданні.
Адзначым, што бізнесовец Берлусконі прыйшоў у палітыку, калі яму было 57 гадоў. Да таго часу ў яго ўжо была буйная сетка камерцыйнага тэлебачання і шэраг іншых бізнесаў. Ён зрабіўся першым мультымільярдэрам, які змог узначаліць урад еўрапейскай дзяржавы. Каля 30 гадоў, з 1986 па 2016 год, яму належаў футбольны клуб "Мілан". Берлусконі ўсталяваў яшчэ адзін фенаменальны рэкорд. Сваю партыю "Наперад, Італія" ён заснаваў у студзені 1994 года і ўжо праз 60 дзён разам з ёй выйграў агульнанацыянальныя парламенцкія выбары. Сам Берлусконі ўзначальваў італьянскі ўрад чатыры разы (у 1994-1995, 2001-2005, 2005-2006, 2008-2011 гадах).
Ён доўгі час сімпатызаваў Расіі, але пасля ўварвання расійскай арміі ва Украіну Берлусконі заявіў, што "глыбока расчараваны і засмучаны паводзінамі Уладзіміра Пуціна, які ўзяў на сябе вельмі сур'ёзную адказнасць перад светам", а таксама ўсклаў на Расію віну за тое, што адбылося ў Бучы і іншых гарадах Украіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.