Партыя Сяргея Калякіна возьме актыўны ўдзел у будучых выбарах
Партыя камуністаў Беларуская мае намер актыўна ўдзельнічаць у мясцовых і прэзідэнцкіх выбарах. Аб гэтым гаворыцца ў рэзалюцыі, прынятай 25 кастрычнікага на другім паседжанні XIV пазачарговага з'езда партыі.
У сваім выступе старшыня ЦК ПКБ Сяргей Калякін спаслаўся на досвед мінулых выбарчых кампаній, калі адмова ад удзелу ў іх прыводзіла да змяншэння прыхільнікаў партыі. Цяпер ПКБ бярэ курс на падрыхтоўку да мясцовых выбараў, прызначаных на красавік 2010 года. Пачнецца адбор і навучанне кандыдатаў, членаў камандаў і назіральнікаў, распрацоўка агітацыйных матэрыялаў.
Як паведамляе БелаПАН, у рэзалюцыі пазачарговага з'езда таксама адзначаецца мэтазгоднасць вылучэння ўласнага кандыдата ў прэзідэнты. Да 1 снежня 2009-га партыйныя арганізацыі могуць прапанаваць кандыдатуры кандыдатаў, а рашэнне прыме партыйная канферэнцыя.
У той жа час Сяргей Калякін адзначыў, што ПКБ з'яўляецца прыхільніцай вылучэння адзінага кандыдатат ад апазіцыі.
Нагадаем, з'езд таксама прыняў рашэнне пра перайменаванне Партыі камуністаў Беларускай у Беларускую партыю аб'яднаных левых "Справядлівы свет". Новую назву мусіць зацвердзіць Міністэрства юстыцыі.