Пастаноўку акцёраў “Свабоднага тэатра” адмянілі з-за... батарэі

Выступ Тэатральнай лабараторыі Fortinbras, які мусіў адбыцца 14 лютага ў межах фестывалю пластычных тэатраў “ПлаSтформа”, адменены.

“На сцэне будзе рамонт цепласістэмы, яна тэрмінова зламалася, — з сарказмам кажа адзін з арганізатараў фестывалю, харэограф і кіраўнік тэатру “ИнЖестВячаслаў Іназемцаў. — Кажуць, што ўжо ўчора завезлі трубы (13 лютага). Пад пытаннем быў і гэты фестывальны дзень. Нават вывешвалі аб’яву, што адмяняецца 13-14 лютага. Але неяк усё ж дамовіліся пачаць рамонт хоць бы 14-га”.

У ПК “Чыгуначнікаў” дзе і мусіў адбыцца спектакль, ад самай раніцы людна. Там праходзіць кірмаш, усе паверхі памяшкання пераўтварыліся ў гандлёвыя шапікі, процьма людзей разглядае рондалі, ўпрыгожванні, прымярае вопратку. Нават намёкаў на тое, што дзесьці ідзе рамонт, няма.

“Прарвала цепласетку, як жа рабіць спектакль, калі ў нас аварыя, — здзіўляецца дырэктар ПК Аляксандр Кулага. — Ацяплення няма ў зале. На выхадных кампанія, якая нам рамантуе, не можа. Таму мы вымушаныя выбіраць больш выгадны для нас варыянт: сёння на мерапрыемства набылі квіткі 100 чалавек, а заўтра ў нас дзіцячая пастаноўка на 800 чалавек. Самі разумееце. Гэта не тое, што цэнзура, проста збег абставін”.

У якасці доказу Аляксандр Мікалаевіч набірае чыйсьці нумар і пытаецца ці прыехала рамонтная брыгада:

“Толькі пасля абеду? Аляксеіч, ты ж зразумей што ў нас тэрміны, — падслухваем мы размову. — А трубы прывезлі? Хоць бы да заўтра паспееце зрабіць? Не зробіце? Мы ж адмяняем мерапрыемствы! Няхай ноччу працуюць! Пагавары з кіраўніком!”

Як высветлілася, працоўную брыгаду чакалі раніцай, але ў іх здарыўся нейкі прарыў і давялося тэрмінова ратаваць сітуацыю. Пакуль жа супрацоўнікі ПК робяць усё неабходнае, каб паскорыць замену цепласеткі.

Мы знаходзім супрацоўнікаў у схаваным крыле справа ад сцэны, але яны нічога не ведаюць.

“Трубы тут усе старыя, іх даўно трэба замяняць! Але, ці будзе нешта замяняцца на сцэне, не ведаем, мы ж не спецыялісты! Прыедуць спецыялісты, у іх спытайце!” — наперабой кажуць мужчыны адрываючы драўляныя экраны ад батарэй ля калідорнага вакна.

Сапраўды ў калідоры ляжыць некалькі метровых труб і вялікая стопка нейкіх матэрыялаў прыкрытых плёнкай (можа, трубы, а можа, і новы штапік для батарэйных экранаў). Адчування аварыі у любым выпадку няма, ды і тэмпература ў памяшканні нармальная.

Сваё бачанне сітуацыі распавёў удзельнік пастаноўкі і адзін з акцёраў “Свабоднага тэатра”, на базе якога была створана тэатральная лабараторыя Fortinbras:

“За пяць дзён да пастаноўкі нам тэлефануюць і кажуць, што трэба прывезці дыск са спектаклем, каб ён прайшоў цэнзуру. Натуральна, мы пацікавіліся: што за цэнзура, хто яго будзе глядзець, чаму месяц таму спектакль прынялі, а за 5 дзён спатрэбілася цэнзура? Дамовіліся, што яны нам напішуць прыгожую паперу пра капірайт і г.д. і прыехалі да дырэкцыі ДК “Чыгуначнікаў з дыскам. Паглядзелі пастаноўку ўсе разам, яны сказалі дзякуй, чакаем вас у пятніцу... а за дзень нам патэлефанавалі і паведамілі пра трубы”.

Спектакль Тэатральнай лабараторыі Fortinbras “Чайка” створаны паводле аднайменнага твора Антона Чэхава. У ім захаваныя арыгінальныя дыялогі, падзеі, проста пастаноўка харэаграфічная. Больш за тое, 14 лютага мусіла адбыцца прэм’ера спектакля. Да гэтага ён быў пастаўлены толькі аднойчы для сяброў, гэты ж выступ і здымаўся на відэа. З таго часу нават акцёры паспелі змяніцца.

“Нам увесь час кажуць: “яны нібыта дазволілі”, — працягвае ўзгадваць размовы з арганізатарамі акцёр Fortinbras. — Мы пытаем хто “яны”? Нам кажуць, тыпу КДБ. Нібыта яны баяцца сабатажаў нейкіх, нейкіх правакацый, публічных выступаў... Нібыта, іх, можа, і не асабліва цікавіць сама пастаноўка, хутчэй, тыя, хто на яе прыйдзе. А раптам будуць бел-чырвона-белыя сцягі! І дадалі, што гэтыя людзі абавязкова будуць прысутнічаць у зале... на ўсялякі выпадак”.

Асноўныя арганізатары фестывалю — ПК “Чыгуначнікаў”: яны атрымлівалі гастролькі, яны прадавалі квіткі, ім жа вырашаць, адмяняць, ці не... Вось толькі некалькі месяцаў рэпетыцый, для якіх акцёры арэндавалі памяшканні за ўласныя грошы, гадзіны працы, перажыванняў ды нерваў для Тэатральнай лабараторыі Fortinbras, атрымліваецца, былі дарэмнымі.

14 лютага апроч чэхаўскай “Чайкі” мусілі прайсці яшчэ чатыры выступы “Малых тэатральных форм”. Арганізатары былі вымушаныя хутка раскідаць гэтыя пастаноўкі па іншых днях, а вось пра перанос для Fortinbras размовы нават не вялося...

Фота: www.rest.ej.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі