Паводле "антыбубкавага закону" затрымалі першага гандляра макам (відэа)
Ад 1 лютага стала больш жорсткім пакаранне за нелегальны гандаль насеннем маку.
Гэта прадугледжана дэкрэтам кіраўніка Беларусі "Аб некаторых пытаннях дзяржаўнага рэгулявання абароту насення маку".
А першае затрыманне гандляра так званымі "бубкамі" міліцыянты правялі ўжо ў нядзелю, 2 лютага. Як паведамляе прэс-служба мінскай міліцыі, мінскія аператыўнікі наркакантролю пры сілавой падтрымцы байцоў спецпадраздзялення "Алмаз" у Заводскім раёне сталіцы затрымалі прадаўца насення маку.
Каля дома №5 па вуліцы Ангарскай прадавец інгрэдыентаў для вырабу опію мусіў сустрэцца са сваімі кліентамі-наркаманамі. Там усіх і затрымалі байцы спецпадраздзялення "Алмаз". У аўтамашыне "Аўдзі-100", якая належыць затрыманаму 28-гадоваму непрацуючаму мінчуку, было выяўлена 39 кг насення маку. Тавар быў расфасаваны ў палімерныя пакеты, кожны вагой па паўкіло.
Яшчэ ў пятніцу гандляру макавым насеннем мог пагражаць параўнальна невялікі штраф за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. Цяпер яго чакае штраф у памеры да 300 базавых велічыняў (цяпер — 39 мільёнаў рублёў). Плюс насенне маку, а таксама транспартны сродак, які выкарыстоўваўся для яго перамяшчэння, будуць канфіскаваныя.
Фота — guvd.gov.by