Першага кандыдата на канфіскацыю аўто затрымалі ў Брэсце
П’яны “паўторнік” панясе крымінальную адказнасць паводле новых правілаў.
“У 3.10 ночы 26 кастрычніка інспектары ДПС спынілі Audi 90, за рулём якой знаходзіўся 29-гадовы работнік адной з устаноў аховы здароўя, жыхар Брэста. Ён быў пазбаўлены правоў у гэтым годзе за нецвярозае кіраванне, а гэтым разам медыцынскі агляд паказаў 1,1 праміле”, — паведамілі auto.tut.by у ДАІ Брэста.
Аўтамабіль Audi 90, які належыць кіроўцу, змешчаны на штрафстаянку да суда. Матэрыялы перададзеныя ў Следчы камітэт для завядзення крымінальнай справы паводле арт. 317 заўв. КК РБ.
Нагадаем, калі кіроўца затрыманы п'яным на працягу года пасля таго, як ужо быў аформлены за “п'янку”, панясе адказнасць. Гэта канфіскацыя аўтамабіля, на якім было здзейснена гэта злачынства,плюс абмежаванне або пазбаўленне волі на тэрмін да 2 гадоў са штрафам і пазбаўленнем правоў.
Раней паведамлялася, што ў першы дзень уступлення паправак у сілу (24 кастрычніка), былі затрыманыя ў Беларусі 77 п'яных кіроўцаў, праўда, усе трапіліся ўпершыню.