Першая лэдзі Польшчы патэлефанавала жонкам экс-кандыдатаў

Першая лэдзі Польшчы патэлефанавала жонкам экс-кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі. Размова цягнулася каля 5 хвілінаў праз беларускамоўнага перакладчыка. Спадарыня Камароўская выказала словы падтрымкі і пацікавілася, што Польшча можа яшчэ зрабіць. Як распавяла Еўрарадыё Мілана Міхалевіч, яна папрасіла ў Ганны Камароўскай не спыняць намаганні, каб вызваліць усіх палітвязняў.

Мілана Міхалевіч: "Яна прасіла пераказаць мужу яе вялізныя шанаванні. Спыталася, што яны могуць яшчэ зрабіць для нас, і як дапамагчы. Сказала, што разумее ў якой мы апынуліся сітуацыі, бо сама была ў такой сітуацыі некалькі дзясяткаў гадоў таму. Сказала, што не варта траціць надзеі".

Размаўляла жонка польскага прэзідэнта і з Вольгай Някляевай. Таксама выказала словы падтрымкі і ўзгадала пра канцэрт салідарнасці ў Варшаве, дзе гучалі вершы Някляева.

Вольга Някляева: "Выказвала словы падтрымкі. Гаварыла, што разумее і ведае сітуацыю, якая тут склалася. Казала пра канцэрт, які быў арганізаваны польскім радыё ў Польшчы. Там таксама гучалі песні на вершы Уладзіміра Пракопавіча".

Напрыканцы размовы, жанчыны выказалі спадзяванне, што калі-небудзь атрымаецца зладзіць канцэрт з нагоды вызвалення ўсіх палітвязняў і зняцця з іх абвінавачванняў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі