Першы дзень суда над "нашаніўцамі": пазоўніка з Водаканала папрасілі замяніць
У судзе Партызанскага раёна Мінска пачаўся суд над галоўным рэдактарам "Нашай Нівы" Ягорам Марціновічам і кіраўніком рэкламнага аддзела выдання Андрэем Скурко.
Іх вінавацяць па ч. 2 арт. 216 Крымінальнага кодэксу (прычыненне маёмаснай шкоды без прыкметаў крадзяжу, учыненае групай асобаў з папярэдняй змовы або ў буйным памеры). Прычынай называюць аплату камуалкі па тарыфах для фізічных, а не юрыдычных асоб. За гэта журналістам пагражае да пяці гадоў зняволення.
На судзе агучылі шкоду, нібыта прычыненую журналістамі: "Мінскэнерга" — 9866 рублёў 20 капеек, "Мінскводаканал" — 250 рублёў 70 капеек. Агулам 10 116 рублёў 90 капеек, абвінавачаныя ўжо кампенсавалі гэтыя грошы.
Жонка Андрэя Скурко Паўліна кажа, што першы дзень слуханняў у судзе быў фармальным: "Паслухалі паказанні пазоўніка з "Водаканалу", які тлумачыў, як менавіта была прычыненая шкода, але шмат чаго ён не ведаў, блытаўся. То нават сказалі, каб прыслалі таго, хто можа патлумачыць усё".
У залу змаглі трапіць толькі 11 чалавек — шэсць сваякоў і пяць чалавек, якія прыйшлі падтрымаць "нашаніўцаў".
Па словах Паўліны, Скурко і Марціновіч трымаліся годна і весела. Сваё стаўленне да справы яны збіраюцца агучыць у другой частцы працэсу, калі пачнуцца іх допыты.
Працяг суда прызначаны на 2 сакавіка, а 11-й гадзіне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.