Пракурор патрабуе для журналіста Сяргея Сацука 8 гадоў пазбаўлення волі

Сяргей Сацук / Еўрарадыё
Сяргей Сацук / Еўрарадыё

Дзяржаўны абвінаваўца запатрабаваў для палітзняволенага журналіста Сяргея Сацука 8 гадоў пазбаўлення волі. Пра гэта піша выданне "Народная воля" са спасылкай на блізкіх Сяргея.

Рэдактара партала ej.by Сацука затрымалі ў снежні 2021 года. Судзіць пачалі ў канцы верасня. Яго абвінавачваюць па трох артыкулах КК: Атрыманне хабару (арт. 430), Распальванне варожасці (арт. 130), Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў (арт. 426).

"Сяргей выглядае па вялікім рахунку нармальна, хоць праблемы з сэрцам нікуды не зніклі, яму ўвесь час патрэбныя лекі", — распавялі блізкія журналістам. Па іх словах, Сацук стараецца трымацца бадзёра, каб падтрымаць родных. Але спадзяванняў на апраўдальнае судовае рашэнне ні ў каго няма.

Пасля затрымання Сяргея калегі выказалі думку, што гэта адбылося праз яго расследаванні — у тым ліку аб карупцыі ў медыцынскай сферы. Сацук у сваіх матэрыялах распавядаў пра "адкаты" за пастаўку дарагога абсталявання; пра закупку незарэгістраванай вакцыны, якую фактычна апрабавалі на беларускіх дзецях; пра фальсіфікацыі дадзеных па распаўсюджванні COVID-19 у Беларусі.

Прысуд Сяргею Сацуку плануюць абвясціць 26 кастрычніка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі