Пракурор прапануе плаціць заробак нядбайным бацькам... "натураплатай"
Пракуратура Брэсцкай вобласці рыхтуе падобную прапанову ў органы мясцовай улады.
Яе сутнасць — рэкамендаваць наймальнікам выплочваць частку заробку нядбайным бацькам у выглядзе натуральнай аплаты. Пра гэта заявіў пракурор Брэсцкай вобласці Іван Наскевіч.
Ён нагадаў, што наймальнік мае права ўтрымліваць з заробку такіх асобаў да 70% на забеспячэнне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржутрыманні. Але практыка паказвае, што 30% заробку нядбайныя бацькі нярэдка трацяць на алкагольныя напоі. Пракурор лічыць, што ў гэтай сітуацыі заробак у выглядзе прадуктаў харчавання "прынёс бы больш карысці такім сем'ям", інфармуе БЕЛТА.
Дарэчы, на Брэстчыне налічваецца больш за 2500 асобаў, якія мусяць плаціць дзяржаве за ўтрыманне сваіх 4,5 тыс. дзяцей.
Фота — bymedia.net