Пракурор просіць для былога топ-менеджара "Белнафтахіма" 8 гадоў турмы
Такі тэрмін зняволення дзяржаўны абвінаваўца просіць прызначыць экс-намесніку старшыні канцэрна Уладзіміру Волкаву.
Пракурор таксама папрасіў суд канфіскаваць маёмасць Волкава і пазбавіць яго права займаць кіруючыя пасады на працягу 5 гадоў, перадае interfax.by. Працэс над Волкавым праходзіць у судзе Маскоўскага раёна Мінска.
Пракурор падчас спрэчак бакоў заявіў, што лічыць віну менеджара даказанай. Па яго словах, топ-менеджар "Белнафтахіма" на працягу пэўнага часу сістэматычна атрымліваў хабар за вырашэнне пытанняў , якія ўваходзяць у яго кампетэнцыю. Дарэчы, падчас судовага разгляду не пацвердзіліся некалькі эпізодаў хабару, у якіх Волкава вінавацілі на папярэднім расследаванні.
Пракурор папрасіў суд улічыць станоўчую характарыстыку падсуднага пры прызначэнні пакарання.
Нагадаем, што былого топ-менеджара вінавацяць у атрыманні хабару. Падчас папярэдняга следства быў накладзены арышт на маёмасць Волкава, у тым ліку на дзве кватэры ў Мінску, гараж, аўтамабіль BMW Х5, каля 100 тыс. долараў, іншую маёмасць.
Абвінавачванне таксама хоча спагнаць з Волкава ў даход дзяржавы 18 тысяч долараў. Адпаведны пазоў быў абвешчаны на судовым паседжанні 3 мая.
Фота — bymedia.net