Прарэктар БНТУ выклікаў "людзей у чорным" для гарантавання бяспекі

У калідорах БНТУ/ dev.by
У калідорах БНТУ/ dev.by

2 верасня раніцай студэнты БНТУ сустрэлі ў калідорах сваёй ВНУ людзей у чорным, з маскамі і рацыямі. Ва ўніверсітэт яны трапілі па просьбе рэктарата, каб "гарантаваць бяспеку", расказалі Еўрарадыё ў БНТУ.

— Рэч у тым, што сёння а 9 раніцы ва ўніверсітэце адбылася сустрэча першага прарэктара Георгія Вяршыны і актывіста чата "БНТУ 97%". Каля кабінета кіраўніцтва сабраліся студэнты БНТУ і некаторыя бацькі. Да іх падышлі чатыры чалавекі ў чорным, з маскамі і рацыямі, — расказваюць у БНТУ. — Іх запрасіў прарэктар, каб гарантаваць бяспеку гэтай сустрэчы.

Аднаму са студэнтаў удалося запісаць на дыктафон размову з мужчынам у чорным. Ён адмовіўся прадстаўляцца і заявіў, што "ўключаная камера тэлефона будзе расцэненая як правакацыя, а збіранне людзей — як зрыў навучальнага працэсу":

— Мы тут знаходзімся на легітымных правах. Вам прадстаўляцца і паказваць свае твары мы не будзем і не абавязаны. Наша задача: гарантаванне бяспекі і мірнага працэсу на тэрыторыі навучальнай установы. Ні адзін чалавек на тэрыторыі навучальнай установы са студэнтаў і навучэнцаў затрыманы не быў. Затрыманая дама, якая агітавала людзей да правядзення і ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Затрымлівалася не на тэрыторыі навучальнай установы.

Ваша задача тут — вучыцца. Задача выкладчыкаў — выкладаць. Наша задача — гарантаваць бяспеку спакойнаму правядзенню навучальнага працэсу, — такі маналог можна пачуць на дыктафонным запісе.

Нагадаем, учора была затрыманая студэнтка БНТУ Вікторыя Гранкоўская, якая збірала подпісы пад петыцыяй да рэктара перад пачаткам студэнцкага маршу 1 верасня. Па словах студэнтаў, 1 верасня менавіта прарэктар запрасіў у ВНУ праваахоўныя органы.

На момант напісання тэксту нам пацвердзілі, што "людзі ў чорным" ужо сышлі з будынка БНТУ. На тэрыторыі ВНУ студэнты таксама больш не бачаць прадстаўнікоў сілавых структур.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі