Праваабаронцы заклікаюць КДБ расказаць, дзе знаходзіцца ксёндз Лазар
Каталіцкі святар, пробашч парафіі Спаслання Святога Духа ў Барысаве, быў затрыманы два месяцы таму.
26 ліпеня Аляксандр Лукашэнка заявіў пра затрыманне ў Беларусі шпіёна-католіка, але падрабязнасці справы не агучыў. На наступны дзень з'явілася версія, што быў затрыманы ксёндз Уладзіслаў Лазар. Інфармацыю пра затрыманне пацвердзіў прадстаўнік Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі. Вядома, што Лазар — грамадзянін Беларусі, вучыўся ў Гродзенскай семінарыі, пасля — у Польшчы. Дагэтуль не было агучана ніякай афіцыйнай інфармацыі ў справе ксяндза. Меркавалася, што ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ, аднак вярнуліся паштоўкі, якія дасылаліся ксяндзу ў следчы ізалятар.
Беларускія праваабаронцы заклікаюць КДБ праінфармаваць грамадскасць аб прычыне затрымання і месцы ўтрымання пад вартай ксяндза Уладзіслава Лазара, а таксама аб сутнасці выстаўленага яму абвінавачання.
"Мяркуем, што інфармацыя аб затрыманні, змяшчэнні пад варту асобы, сутнасці падазрэння і абвінавачання, працэсуальным статусе, месцы ўтрымання і іншых аспектах, якія не маюць дачынення да дэталей крымінальнага пераследу, не можа парушаць тайну следства і не паставіць пад пагрозу інтарэсы дзяржаўнай бяспекі, аховы грамадскага парадку", — цытуе адкрыты зварот закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна" БелаПАН.
Рымашэўскі: Справа ксяндза Лазара нагадвае выкраданне чалавека