На марафоне салідарнасці з ксяндзом Лазарам сабралі больш за 4 мільёны

Вечарына, што прайшла ў мінскай сядзібе БНФ, сабрала поўную залу — людзі былі вымушаныя нават стаяць. Прысутнічалі як грамадскія актывісты, гэтак і вернікі. У марафоне прынялі ўдзел сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Павел Севярынец, былы палітвязень Сяргей Марцалеў, сустаршыня зарэгістраванага ў Чэхіі “Маладога Фронту” Зміцер Дашкевіч, журналістка Любоў Лунёва, якая ведае Уладзіслава Лазара і яго сям’ю, ды іншыя вядомыя асобы. Прысутным запомніўся 80-гадовы мужчына, які сам папрасіў слова: расказаў, што прыйшоў падтрымаць ксяндза, бо ў яго самога расстралялі бацьку ў 1952 годзе.



Падчас марафона было сабрана больш за 4 мільёны рублёў, але збор сродкаў будзе працягвацца. Ахвяраваць грошы можна і ў бліжэйшую пятніцу на традыцыйнай малітве, якая праходзіць а 20 гадзіне ля Чырвонага касцёла. Найперш, сабраныя сродкі пойдуць на аплату адваката — ксёндз Лазар дагэтуль не прызнаны палітвязнем, таму аплачваць паслугі абароны сям’я вымушаная самастойна.



Арганізатары марафона салідарнасці заклікалі неабыякавых людзей дасылаць Уладзіславу Лазару віншавальныя паштоўкі на адрас СІЗА КДБ — 27 лістапада вязню спаўняецца 46 гадоў.

Нагадаем, што КДБ вінаваціць барысаўскага ксяндза Уладзіслава Лазара ў саўдзеле ў здрадзе дзяржаве. Паведамляецца, нібыта ён перадаваў грошы і матэрыяльныя каштоўнасці чалавеку, які вінаваціцца ў шпіянажы на карысць іншай дзяржавы.


Фота —  Catholic.by  
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі