Арцыбіскуп Кандрусевіч выказаўся наконт "справы ксяндза-шпіёна" Лазара
Гэта адбылося ў Вілейцы на пастырскай сустрэчы духавенства і кансэкраваных асобаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі aрцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Як паведамляе сайт Рыма-каталіцкай царквы ў Беларусі, арцыбіскуп згадаў пра сітуацыю з арыштам ксяндза Уладзіслава Лазара. Ён заклікаў святароў і кансэкраваных асобаў маліцца, а таксама "не распачынаць ніякіх дзеянняў без узгаднення з біскупам".
"Гэтая справа вызвала шырокі рэзананс у Беларусі і свеце і, на жаль, не спрыяла еднасці. Следства працягваецца, і сёння цяжка рабіць здагадкі, чым завершыцца справа. Трэба маліцца ў гэтай інтэнцыі", — адзначыў Тадэвуш Кандрусевіч.
Арцыбіскуп папрасіў святароў, каб далучалі да малітваў вернікаў. Таксама ён папрасіў паводле акалічнасцяў, пасля Імшы, асабліва ў нядзелю, маліцца ў касцёлах аб шчаслівым вырашэнні гэтай праблемы.
Нагадаем, што КДБ вінаваціць барысаўскага ксяндза Уладзіслава Лазара ў саўдзеле ў здрадзе дзяржаве. Паведамляецца, нібыта ён перадаваў грошы і матэрыяльныя каштоўнасці чалавеку, які вінаваціцца ў шпіянажы на карысць іншай дзяржавы.
Фота Тадэвуша Кандрусевіча — catholic.by