Прэм’ер-міністр Расіі: Адмены санкцыяў з боку ЗША хутчэй за ўсё не будзе
Прэм'ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў, выступаючы на з'ездзе "Адзінай Расіі" заявіў, што амерыканскія санкцыі неўзабаве адменены не будуць, і “няма чаго спадзявацца на чужыя выбары".
Ён таксама заклікаў "расстацца з ілюзіямі". Мядзведзеў дадаў, што варта перастаць разлічваць "на прыход новых кіраўнікоў замежных".
"Усё, што здарылася, гэта надоўга", — цытуе расійскага прэм’ера ВВС.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, да ўступлення ў пасаду, казаў, што мог бы адмяніць накладзеныя на Расію санкцыі ў абмен на нейкія саступкі.
Раней Трамп ў інтэрв'ю брытанскай газеце Times заявіў, што гатовы прапанаваць прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну зняцце санкцый у абмен на скарачэнне ядзерных арсеналаў.
Да гэтага Дональд Трамп у інтэрв'ю амерыканскаму выданню Wall Street Journal заявіў, што захавае санкцыі ў дачыненні да Расеі "прынамсі на нейкі час".
У той жа час ён сказаў, што можа адмяніць санкцыі, калі Масква дакажа сваю карысць у барацьбе з тэрарызмам, а таксама ў дасягненні іншых мэтаў, якія важныя для ЗША.
Першыя санкцыі былі ўведзены ў сакавіку 2014 года супраць асобных расійскіх чыноўнікаў, якія маюць дачыненне да анэксіі Крыма. Людзям, якія трапілі ў спіс, быў забаронены ўезд у ЗША, а іх актывы ў краіне замарожаныя.
Пасля ЗША неаднаразова пашыралі санкцыйных спіс і ўключылі ў яго не толькі асобных людзей, але і цэлыя галіны расійскай эканомікі. У Вашынгтоне лічаць, што Расія аказвала непасрэдную падтрымку сепаратыстам на Данбасе.