Прэзідэнт Казахстана нечакана звольніў дачку Назарбаева з пасады спікера сенату
Дарыга Назарбаева / Reuters
Кіраўнік Казахстану Касым-Жамарт Такаеў падпісаў указ аб спыненні паўнамоцтваў Дарыгі Назарбаевай дэпутатам сената парламента, паведамляе выданне "Власть". У сакавіку 2019 года Дарыга была абраная спікерам сенату пасля таго як ранейшы старшыня палаты, Касым-Жамарт Такаеў, стаў выконваючым абавязкі прэзідэнта.
Пасля паведамлення аб падпісанні ўказа аб адстаўцы Такаеў напісаў у твітар і падзякаваў Назарбаевай за "актыўную і плённую працу" на пасадзе спікера. Пры гэтым ён нічога не паведаміў пра прычыны адстаўкі і магчымае прызначэнне цяпер ужо былога спікера на новую пасаду. Сама Дарыга пакуль ніяк не пракаментавала адстаўку і яе прычыны.
Дарызее Назарбаевай 56 гадоў, яна старэйшая дачка першага прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева. У розныя гады кіравала агенцтвам "Хабар", была дэпутатам мажыліса, віцэ-спікерам палаты, віцэ-прэм'ерам — курыравала сацыяльны блок, дэпутатам сената. Менавіта яе зназывалі галоўнай прэтэндэнткай на пасаду прэзідэнта краіны. Але нешта не зраслося.
Першы прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў, які кіраваў краінай каля 30-ці гадоў, абвясціў аб рашэнні пакінуць свой пост 20 сакавіка 2019-га года. Па яго ўласных словах, ён зрабіў усё, каб краіна акрыяла ад наступстваў распаду СССР і выйшла на сусветную арэну ў якасці вялікага гульца. Пры гэтым Назарбаеў асабліва падкрэсліў, што "да канца сваіх дзён" застанецца ва ўсіх навідавоку — як кіраўнік Савета бяспекі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.