Пры абвале грунту ў Горках засыпала двух мужчын
Ратавальнікі Горацкага раёна 3 жніўня каля 16-й гадзіны атрымалі ад відавочцы паведамленне, што на вуліцы Міра чалавека прысыпала зямлёй.
На месцы здарэння ратавальнікі пабачылі, што пры пракладцы каналізацыйнай траншэі адбыўся зрух грунту, паведамляе прэс-служба МНС. Пад апоўзнем засыпанымі зямлёй па грудзі апынуліся два чалавекі. Да прыбыцця ратавальнікаў відавочцы спрабавалі выратаваць іх.
Работнікі МНС дасталі з траншэі 42-гадовага і 60-гадовага мужчын пры дапамозе адмысловай прылады. З траўмамі рознай ступені цяжкасці іх перадалі работнікам хуткай дапамогі. Каля 17.30 медыкі канстатавалі смерць старэйшага мужчыны.
Работнікі Горацкага райаддзела Следчага камітэта высвятляюць акалічнасці здарэння.