Прысуд па скандальнай педафільскай “справе Давыдовіча” вынесуць 28 снежня

Прысуд па скандальнай педафільскай “справе Давыдовіча” вынесуць 28 снежня

Прысуд па скандальнай педафільскай “справе Давыдовіча” будзе вынесены ў Мінскім гарадскім судзе 28 снежня ў 10.00. Як піша “Беларускі партызан”, галоўнага фігуранта справы Вячаслава Давыдовіча судзяць за ўцягванне ў сэксуальныя адносіны падлеткаў. Абвінавачаны раней быў супрацоўнікам міліцыі, працаваў у Адміністрацыі прэзідэнта і кіраваў дабрачыннай арганізацыяй “У дапамогу дзецям-сіротам”.

Працэс над Давыдовічам быў закрытым, таму суд можа абвясціць толькі рэзалютыўную частку свайго рашэння.

На думку кіраўніка грамадскага аб’яднання “Разуменне” Андрэя Маханько, сябра Камісіі па справах непаўналетніх пры ўрадзе, які таксама з’яўляецца міжнародным кансультантам па навучанні і абароне правоў дзіця, у выпадку з гэтай справай можна казаць пра банду педафілаў, бо Давыдовіч быў наўпрост звязаны са “справай раварыстаў”. Гаворка пра двух мужчын, асуджаных у 2014 годзе за педафілію, якія прадстаўляліся дзецям трэнерамі па веласпорце і футболе. У дзённіку аднаго са злачынцаў знайшлі 1300 імёнаў хлопчыкаў, з якімі асуджаны ажыццяўляў тыя ці іншыя дзеянні сэксуальнага характара. Яшчэ шэсць дзённікаў прыкладна такога ж аб’ёму і зместу ён паспеў знішчыць, таму колькасць ахвяраў можа дасягаць 8-10 тысяч непаўналетніх.

“Раварысты” заманьвалі дзяцей у катэдж, размешчаны ў мінскім мікрараёне Зацень — дом належаў Давыдовічу. Яго затрымалі ў гэтым катэджы ў жніўні 2013 года, але справу супраць яго завялі за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць і пазней асудзілі на 4 гады калоніі агульнага рэжыму.

На Давыдовіча заводзілі і справу паводле артыкула 168 КК Беларусі (палавыя зносіны і іншыя дзеянні сэксуальнага характару з асобай, якая не дасягнула шаснаццацігадовага ўзросту). Падазрэнні тады нібыта не пацвердзіліся і справа была закрытая, але ў 2015 годзе яе аднавілі і затым перадалі ў суд.

Андрэй Маханько лічыць, што на лаву падсудных маглі сесці таксама іншыя людзі, прычым высокапастаўленыя. Яны нібыта наведвалі катэдж Давыдовіча і прымушалі падлеткаў займацца з імі сэксам.

Эксперт спадзяецца, што рана ці позна “справа Давыдовіча” будзе раскрытая ў поўным аб’ёме.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі